Езус вельмі часта спрачаецца на тэму выканання правілаў. Яго асуджаюць за аздараўленні ў шабат, за тое, што не абмывае рук, за тое, што вучні не так пасцяцца і г.д. Найбольш мяне ўражвае гісторыя, калі багаты хлопец верна выконвае ўсе правілы, а ў выніку не можа пайсці за Езусам. Чаму? Таму, што Бог большы за ўсялякія правілы! Таму, што правілы не здольныя даць нам адказ на ўсе жыццёвыя пытанні! Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Не паводле запавету, які Я ўстанавіў з іх продкамі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з зямлі егіпецкай. Той запавет Мой парушылі, хоць Я быў іх Валадаром, — кажа Пан.

Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам. І больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць (Ер 31, 31–34)


У сённяшніх чытаннях Бог прадказвае нам устанаўленне Новага Запавету. Гэты Запавет-Саюз паміж Богам і народам адбыўся падчас Апошняй Вячэры. На гэтую тэму разважае апостал Павел у 9 раздзеле Паслання да Габрэяў. Бог некалькі разоў заключаў запавет з народам. Першы раз адбыўся запавет паміж Богам і Ноем, пасля быў Абрагам, пасля Майсей з народам пад гарой Сінай… Навошта ж яшчэ адзін запавет? Няўжо тых не дастаткова?

Насамрэч, гэтая тэма вельмі вялікая, і я не маю намеру ў яе акунацца ажно так глабальна. Хачу толькі звярнуць увагу на той момант, пра які нам кажа сённяшняе чытанне. Пераход ад Старога Запавету да Новага – гэта як выхад з дзяцінства ў дарослае, сталае жыццё. Бог кажа, што калі ўстанаўліваў запавет з народам, то вёў яго за руку з егіпецкага рабства. А каго водзяць за руку? Ну вядома ж, дзяцей! З дня на дзень. Мы шмат чаго дзецям забараняем рабіць, шмат чаму вучым. Заўважце: мы не тлумачым дзецям правілы фізікі, не растлумачваем ім пра тое, як дзейнічае электрычнасць, але мы проста забараняем ім торкаць пальцы ў разетку. Нельга – і ўсё тут! Гэтак жа таксама, калі пераходзім дарогу, мы проста бяром дзіця за руку, або нават і на рукі, і, нічога зашмат не тлумачучы, пераходзім дарогу. У дзяцінстве не трэба шмат тлумачыць. Трэба проста ведаць, што можна, а чаго нельга. Жыццё дзіцяці складаецца з ясных правілаў, якія трэба выконваць. Калі ж чалавек вырастае, то гэтых правілаў не хапае. Аказваецца, жыццё нясе нашмат больш невядомых і нечаканых сітуацый, і цяпер ужо трэба самому прымаць рашэнні, трэба мець нейкую ўнутраную мудрасць, адчуванне. І тады мы ўжо не проста не лезем у разетку, але пачынаем разумець, што любы электрычны провад нясе нейкую там пагрозу, асабліва, калі ён аголены, альбо калі ёсць вільготнасць. Такім чынам адбываецца ў нашым жыцці пералом. Мы пераходзім з жыцця, дзе былі адны толькі правілы, да жыцця, калі трэба мець да многіх сітуацый унутраную, скажам так, інтуіцыю.

Падобным чынам выхоўвае нас і Бог. Быў час, калі трэба было даць нам (людзям) велізарную колькасць правілаў. Мы ж павінны былі верна за іх трымацца. Такім чынам Запавет пад гарой Сінай – гэта спіс розных правілаў, якія ахоплівалі ўсе сферы жыцця. Бог сапраўды вёў людзей за руку. Было ўсё зразумела: дзе чорнае, а дзе белае, што можна, а чаго нельга. Аднак, з аднаго боку, народ не змог быць верным гэтай велізарнай колькасці правілаў, а, з іншага боку, жыццё паляцела наперад, і правілы ўжо не маглі ўсяго ахапіць. Гэты канфлікт асабліва выразна бачны ў часы Хрыста. З аднаго боку, габрэі нібыта стараюцца верна выконваць правілы, а, з іншага боку, бачна, наколькі тыя правілы становяцца абсурднымі, а часам і недарэчнымі. Езус вельмі часта спрачаецца на тэму выканання правілаў. Яго асуджаюць за аздараўленні ў шабат, за тое, што не абмывае рук, за тое, што вучні не так пасцяцца і г.д. Найбольш мяне ўражвае гісторыя, калі багаты хлопец верна выконвае ўсе правілы, а ў выніку не можа пайсці за Езусам (Мк 10,18-22). Чаму? Таму, што Бог большы за ўсялякія правілы! Таму, што правілы не здольныя даць нам адказ на ўсе жыццёвыя пытанні!

У сваім выхаванні Бог прапануе іншы шлях – шлях мудрасці і сталасці. Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам. І больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне. Бог дае мудрасць у сэрца. І адгэтуль ужо ў ім будуць нараджацца правілы і адказы на нечаканыя пытанні, на ўсё новае ў нашым жыцці.

Калі Бог уводзіў народ у Зямлю Абяцаную, то сказаў, каб габрэі выгналі ўсіх чарадзеяў, варажбітоў, тых, хто размаўляе з памерлымі. Але на той час не было яшчэ гамеапатыі, акупунктуры, біоэнэргатэрапіі, медытацыі «дзэн», агні-йогі, рэйкі… А з гэтым усім «дабром» што рабіць? Пра іх жа нічога не кажа Святое Пісанне! І Касцёл таксама адназначна пакуль што не выказваецца. А нават калі б мы і мелі правілы, дзе ў чорным спісе з’явіліся б гэтыя «штучкі», то дзе гарантыя, што на наступны дзень не з’явіцца яшчэ штосьці новенькае? Правілы далёка ўсяго не вырашаюць і не могуць вырашыць! Сталасць верніка праяўляецца тады, калі ты сам пачынаеш разумець, што табе трэба, а што не. Дух Святы, які прабывае ў нас, дае нам адпаведную мудрасць. Гэта і ёсць Яго Закон у нашых сэрцах.

На жаль, многія хрысціячне не здольныя жыць інакш, як толькі па правілах. Яны і надалей прабываюць у Сінайскім Запавеце. Нават калі такога верніка святар і пераканае, што хадзіць па «бабках» – грэх, то такі чалавек знойдзе сабе талісман, амулет, павешае «партрэт шчасця» на сцяну або падлечыцца ці «падзарадзіцца» нейкай там энергетыкай. Логіка ў такога чалавека простая: усё дазволена, што не забаронена. Для мяне заўсёды застаецца тайнай такая з’ява. Калі я, напрыклад, сустракаю нешта невядомае, новае і недзе там у галаве і ў сэрцы ўключаецца аварыйка «асцярожна», то чаму гэткая ж аварыйка не ўключаецца таксама і ва ўсіх? Адказ просты. Усё залежыць ад таго, ці шукаеш ты Жывога Бога, ці імкнешся да адносінаў з Ім, ці проста жывеш па Яго правілах.