Зямля пад нагамі і хаджэнне па водах (казанне 15.04.12)
Уяўляю, што на той час адчуваў Тамаш! Хацеў убачыць – убачыў. Хацеў дакрануцца – дакрануўся. І што, усе пытанні і сумнівы зніклі? Логіка дала ўсе адказы? Думаю, што не! Як палец можа дакрануцца да цела, якое толькі што прайшло праз зачыненыя дзверы? Хвіліну назад яно было духам, а цяпер сталася целам... Тамаш хацеў праверыць дотыкам, толькі дотык гэты прыносіць яшчэ больш пытанняў.
Зямля пад нагамі і хаджэнне па водах (казанне 15.04.12)
Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае. Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку.
Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног апосталаў. І раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай
(Дз 4,32-35)


Умілаваныя:
Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.
Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.
Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?
Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў, і праз Духа, і не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда
(1 Ян 5,1-6)


Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае
(Ян 20, 19–31)

Міласэрнасць Божая для тых, хто Яго шукае

Адзін мой выкладчык у семінарыі некалі казаў, што апостал Тамаш з’яўляецца ягоным любімым апосталам, паколькі Тамаш імкнуўся зразумець тое, чаго не разумеў, шукаў адказы на пытанні, не баяўся прызнацца ў сваёй няверы. Можна сказаць, што Тамаш у нейкім сэнсе з’яўляецца прадстаўніком філосафаў, якія розумам хочуць пазнаць Бога.

Мне такое ўспрыняцце апостала Тамаша падабалася. Сапраўды, ён мог бы быць прадстаўніком і апекуном даволі смелых людзей. Асабліва ўражвае яго здольнасць быць праўдзівым. Ён ставіць Богу вымаганне: калі не дакрануся – не паверу. Калі б не гэтая смеласць, мы не былі б сведкамі той цудоўнай гісторыі, якую сёння апісвае нам Евангелле.

Хто такі Тамаш? Не шмат пра яго можна сказаць, але паглядзім на тыя нешматлікія моманты, якія апісаны ў Евангеллі. Тады Езус проста сказаў ім: Лазар памёр. І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго. Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: Пойдзем і мы, каб памерці разам з ім! (Ян 11,14-16). Тамаш і надалей не разумее. У яго ў галаве нараджаюцца свае планы, Ён глядзіць на Езуса і ўспрымае Яго выказванні праз фільтр свайго светапогляду. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце. Кажа яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу? Езус сказаў яму: Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. (Ян 14,4-6).

Тут мы зноў бачым Тамаша, які ўключае логіку, даслоўнае разуменне, хоча ўсё дакладна праверыць. Мне асабіста дык гэта падабалася і падабаецца. Вось толькі насцярожваюць словы Хрыста: Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў.

Насамрэч, трэба казаць не пра значнасць Тамаша, а пра веліч Божай Міласэрнасці. Хрыстос прыходзіць да кожнага, хто шукае – незалежна ад нашых абмежаванняў і выбрыкаў. Упэўнены, што ў хвіліну сустрэчы Тамаша з Езусам, у хвіліну дотыку пальца апостала да ранаў Настаўніка, Бог прабачае Тамашу яго няверу, яго логіку, Бог праяўляе сілу сваёй Любові і дае апосталам уладу працягваць гэтую справу прабачэння: каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны.

Уяўляю, што на той час адчуваў Тамаш! Хацеў убачыць – убачыў. Хацеў дакрануцца – дакрануўся. І што, усе пытанні і сумнівы зніклі? Логіка дала ўсе адказы? Думаю, што не! Як палец можа дакрануцца да цела, якое толькі што прайшло праз зачыненыя дзверы? Хвіліну назад яно было духам, а цяпер сталася целам... Тамаш хацеў праверыць дотыкам, толькі дотык гэты прыносіць яшчэ больш пытанняў. А што наконт зроку, наконт таго, каб убачыць і паверыць? Евангелле паказвае нам шмат момантаў, дзе блізкія не здольныя распазнаць Уваскрослага Езуса, хоць яны і глядзяць на Яго. Не распазнае Марыя Магдалена (Ян 20,11-16), не распазнаюць вучні з Эмаус (Лк 24,13-35), а таксама вучні, якія ў Галілеі ловяць рыбу (Ян 21,4-7). Яго цяпер нельга распазнаць ні вачыма, ні дотыкам. І калі Тамаш вызнае веру, то, мабыць, усё ж не таму, што дакрануўся і логіка дала яму адказ. Логіка, напэўна, паставіла яшчэ большыя пытанні. Веру, што Тамаш распазнае ў гэтую хвіліну ўжо не сваім розумам, але духам.

Шчаслівыя, што не бачылі, а паверылі

Думаю, што Тамаша пасля ягонага дотыку да ранаў Хрыста можна залічыць да гэтай групы. Ён бачыць, але вочы нічога не падказваюць. Ён пачынае верыць паводле іншых аргументаў: Дух сведчыць пра Яго (1 Ян 5,6). Дух Святы, які прабывае ў людзях веры, пачынае намі кіраваць. Не мы самі дадумваемся, а Ён паказаў. Не мы бачылі ці дакрануліся, а Ён даў магчымасць верыць. Ён пераконвае, нагадвае, падказвае, прыносіць неспакой альбо наадварот – спакой. Той, хто спадзяецца толькі на сваю логіку, хто хоча ўсё зразумець, адказаць на ўсе пытанні, той раней ці пазней рызыкуе спыніцца ў духоўным развіцці. Надыходзіць такі момант, калі трэба не правяраць, а верыць, рызыкаваць, даверыцца Яго кіраванню. І гэта – наступны крок. Вось чаму шчаслівыя, што не бачылі, а паверылі. Яны проста змогуць ісці далей, бо без Духа нельга ісці далей.

Часта такім людзям, як я, так хочацца ўсё праверыць!.. Але калі не прыняць, што Дух вее дзе хоча і голас Яго чуеш і не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе (Ян 3,8), то не зробіш кроку далей. Калі не схіліш галаву і калена перад Яго Тайнай, невядомай і не пазнанай, датуль не зробіш кроку далей.

Мне заўсёды здавалася, што людзі, якія чуюць голас Божы, маюць упэўненасць на 100 адсоткаў, што гэта Ён, што ўсё, што яны робяць, робяць правільна. Няпраўда. Такія людзі часта робяць скачок у веры, яны выходзяць з лодкі на ваду. У жыцці такіх людзей няма ўпэўненасці, праверанай логікі. Яны вераць Яму, прымаюць Яго нелагічнае кіраванне.

Не мелі нічога свайго

Тое, што мы чытаем у Дзеях Апосталаў, у нейкім сэнсе паказвае нам такіх людзей: ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму. Уявіце: ты працуеш, у цябе штосьці атрымліваецца, ты зарабляеш грошы, ствараеш сям’ю, будуеш дом, купляеш машыну, нейкія там рэчы. Уся твая логіка і тваіх знаёмых падказвае... не, нават крычыць на ўсю глотку: ты дабіўся, у цябе атрымоўваецца, гэты ты змог, гэта тваё!.. А яны, першыя хрысціяне, не называюць гэта сваім. Чаму? Бо штосьці ім падказвае, што самі па сабе яны не здольныя былі б зрабіць усё гэта. Гэта падарунак. Дзеці, праца, здольнасці, здароўе, харызматы – гэта ўсё падарункі. Гэта не маё. Ім не трэба сябе пераконваць у гэтым, бо Той, Хто жыве ў іх, паказвае ім гэтую праўду.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

1) Якіх адказаў на свае пытанні я шукаю: людзкой логікі, ці Духа, які аб’яўляе?
2) Ці зможаш ты ў шчырасці сэрца сказаць пра сябе, што нічога не называеш сваім?