Чакаць Госпада, падняўшы галовы (казанне, 02.12.12)
Ці гэта магчыма, ці гэта нармальна чакаць другога прыходу Хрыста з паднятай галавой? Ці гэта магчыма жадаць Яго прыходу? Ці не павінны мы баяцца і хавацца, як гэта робяць многія ў нашыя часы? Для веруючага чалавека другі прыход Хрыста, наша смерць і канец свету - гэта катастрофа і кара ці чаканае і жаданае выбаўленне?

Чакаць Госпада, падняўшы галовы (казанне, 02.12.12)
У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.


Лк 21, 25–28. 34–36

Млець ад страху або падымаць галаву?

Калі ўважліва ўдумацца ў евангельскі тэкст, то можна ўбачыць, як Езус кажа пра дзве процілеглыя паставы людзей. Аказваецца, апошнія хвіліны жыцця гэтага свету падзеляць людзей на дзве часткі. Вось што кажа Езус пра першую групу людзей: спалох народаў і замяшанне… Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет. Чаму такі страх будзе сярод людзей, што яны ажно пачнуць млець? Можа таму, што ўсё, што набывалі ў гэтым жыцці, трэба будзе прымусова аддаць і ніхто не спытаецца, ці ты згодны на гэта, ці не? Усё аддаць – дачу, кар’еру, любімага чалавека, людзкую славу і г.д. А можа будзе гэтак страшна, бо людзі зразумеюць, што прыйдзецца адказваць за сваё жыццё, за ўсе падманы і няпраўду? Ці можа таму агорне іх той вялікі страх, што не знайшлося часу на самае галоўнае? Як гэта ні дзіўна, але думаю, што многія будуць млець ад страху, бо аказваецца, што Той, хто ідзе на аблоках, Ён чамусьці чужы для іх і яны Яго не ведаюць, не паспелі даверыцца і палюбіць Яго, наладзіць з Ім цесныя адносіны. І гэта нічога, што некаторыя з іх Яго прасілі, маліліся, кожную нядзелю былі перад Яго алтаром, слухалі цікавыя гісторыі пра Яго. Усё гэта было, але давяраць Яму яны, на жаль, так і не навучыліся. Не пазналі Яго. І таму цяпер так страшна…

Пра другую групу людзей Езус кажа: І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае. Другая група людзей не апускае галовы, не хаваецца, а падымае іх. Яны чакаюць Яго прыходу. Ім радасна. Яны ўрэшце могуць свабодна ўздыхнуць. Урэшце набліжаецца адкупленне. Яны змагаліся ўсё жыццё. Іх не разумелі людзі, лічылі вар’ятамі, асуджалі. Іх гналі родныя і блізкія, гнабілі на працы. Многія з іх страцілі сяброў. Яны не хацелі жыць прасцей, не хацелі быць «як усе». Адзіная вартасць, якую яны ставілі вышэй за ўсё, за ўсю сваю радню, працу і сяброў – гэта адносіны з Тым, Хто прыйдзе на аблоках. Яны навучыліся верыць не сабе і не людзям, а Таму, Хто прыйдзе. Яны Яго чакалі – і вось Ён ідзе…
Чакаць Госпада, падняўшы галовы (казанне, 02.12.12)

Падрыхтоўка да Яго прыходу

Наша жыццё – гэта час, які Бог нам дае, каб мы паспелі з адной групы перайсці ў іншую, каб мы змаглі падняць нашу галаву і перасталі млець ад страху. Для гэтага нам даюцца гады! Таксама і Адвэнт, які пачынаем перажываць як падрыхтоўку да Божага Нараджэння – гэта асаблівы час, калі трэба спрабаваць чарговы раз падняць сваю галаву.

Сёння Езус нас вучыць як рыхтавацца: чувайце ўвесь час і маліцеся… каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана… Чувайце – гэта значыць трывайце, будзьце вернымі, будзьце пастаяннымі. Нельга сёння, або перад святамі быць больш падрыхтаваным, чым заўтра. Нашыя святочныя споведзі не будуць мець ніякага сэнсу, калі мы не будзем гатовымі памерці месяц ці два пасля святаў. Не мае вялікага сэнсу мой запал і парыў, маё слёзнае пакаянне, якое скончыцца праз тыдзень. Трэба навучыцца проста стаяць, нягледзячы ні на што – ні на радасці, ні на няўдачы. Проста стаяць. Калі падаць, то адразу ж падымацца. Калі ўзлятаць у эйфарыі, то і ўсведамляць таксама, што праз хвіліну магу палучыць нож у плечы. Важней проста навучыцца стаяць. Вытрываць.

Чуваць увесь час – гэта складана. Для гэтага трэба моцная воля. А яна не прыходзіць проста так. Яе трэба развіваць. Трэба змушаць сябе, ламаць. Маленькімі крокамі, але выхоўваць. Інакш не будзе стойкасці. Магчыма, таму Езус невядома па якой прычыне пачынае перасцерагаць перад абжорствам (у рускім перакладзе) і п’янствам. Ну што, здавалася б, супольнага мае абжорства і п’янства з прыходам Езуса і са збаўленнем? Ніхто з нас не можа нават сказаць, калі сканчваецца нармальнае спажыванне ежы, а пачынаецца абжорства. Як такая банальная і простая рэч можа ўплываць на нашае збаўленне? Проста. Калі мы не можам панаваць і абмяжоўваць сябе ў простых рэчах, то як зможам чуваць і стаяць у цяжкіх сітуацыях?
Асабіста я – праціўнік вялікіх пастоў і «галадовак» перад святамі. І справа тут не ў ядзе, а ў практыкаванні волі. Калі я трымаюся ў посце месяц, а пасля «зрываюся», то які сэнс гэтых пастоў? Адвэнт і нашыя пастановы на Адвэнт – гэта час духоўнай падрыхтоўкі, а не спорту. Перш за ўсё мы павінны навучыцца чуваць, быць заўсёды ў форме, ніколі не расслабляцца, бо Езус можа прыйсці сёння.

Жыццёвы клопат

Яшчэ адна заўвага. Езус кажа, што сэрца можа быць абцяжаранае жыццёвым клопатам. Праз гэты клопат мы губляем пільнасць, мучаемся, расслабляемся і г.д. Езус, заўважце, не кажа, што яго не будзе, што гэты клопат павінен знікнуць. Ён кажа, што сэрца можа быць ім абцяжаранае. Недзе праходзіць тонкая мяжа, калі тое, што неабходнае для нас, раптам забірае тваю чуйнасць, раптам незаўважна становіцца больш важным чым прыход-вяртанне Госпада. Чалавек, абцяжараны жыццёвым клопатам, не стане вялікім грэшнікам. Ён проста згубіць чуйнасць, перастане чакаць, не зможа ўвесь час глядзець у неба… Некалі пачуў важную думку. Калі ты робіш шмат спраў для Бога і табе гэта ўдаецца, ты бачыш плён, табе дзякуюць людзі, ты разумееш, што гэта важна і ўся логіка табе падказвае, што так трымаць і далей, але ў выніку ты губляеш супакой у Богу і адчуваеш, што вашыя адносіны пахаладнелі, што нешта важнае ў іх знікла, то гэта першы знак, што нешта пайшло не так. Недзе прабягае гэтая тонкая мяжа, калі клопат (нават нібы і Божы!!!) забірае тваю чуйнасць…

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

• Памаліся і паразважай, да якой групы людзей ты належыш: да тых, што млеюць ад страху, ці да тых, што чакаюць адкуплення з паднятымі галовамі?
• Што значыць для цябе – чакаць і чуваць?Што абцяжарвае тваё сэрца? Як трэба выхоўваць тваю волю, каб навучыцца чуваць?
Чакаць Госпада, падняўшы галовы (казанне, 02.12.12)


Чакаць Госпада, падняўшы галовы (казанне, 02.12.12)