1

Гэтыя святы Божага Нараджэння сталі для мяне нагодай задумацца над тым, чаму мне так не падабаюцца святы і ці ёсць сэнс святкаваць іх. Нейкія гадавіны, дні нараджэння, а нават і рэлігійныя святы. Я часта задаваў сабе пытанне, чым адрозніваецца дзень 25 снежня ад 26-га ці іншага? Часта мне думалася, што вось жа трэба радавацца ў святы, а радасці яны асабліва і не прыносяць. Дык у чым сэнс святаў і ці патрэбныя яны?

 

 

Не баяцца быць філосафамі

Найперш важна нам набрацца адвагі задаваць важныя жыццёвыя пытанні: дзеля чаго, які сэнс, навошта і г.д. Вельмі шмат рэчаў мы робім, не задумваючыся над іх сэнсам, бо так заўсёды было. Часта гэтыя рэчы не прыносяць вынікаў, не даюць плёну, але нам страшна нешта мяняць. Бо зноў жа – так заўсёды было… Страшна ад нечага адмовіцца, бо што падумаюць іншыя?.. А пытанні пра сэнс і пра мэты нашага жыцця і нейкіх дзеянняў маюць агромністае значэнне. Яны не дазваляюць нам каціцца па накатанай каляіне разам з усімі. Гэтыя пытанні дазваляюць нам не проста быць філосафамі, а найперш быць людзьмі. Жывёлы не задаюць пытанняў пра сэнс святаў. Але ж яны жывёлы, а не людзі. Згодны, што такія пытанні часта ставяць нас у нязручнае, а можа нават і складанае становішча. Пытанні пра сэнс жыцця даводзяць некаторых да алкагалізму, а некаторых нават да самагубства. Тым не менш, гэтыя пытанні надаюць характар нашай чалавечай прыродзе. Сказаў бы, што без іх жыць становіцца яшчэ больш небяспечна.2

Утоеная сіла помнікаў

Нехта вельмі трапна заўважыў, што цяжка зразумець сэнс святаў, калі мы не зразумеем сэнс помнікаў.

Помнікі нагадваюць нам пра нейкую падзею: пра жыццё чалавека, яго дасягненні, пра гістарычнае здарэнне і г.д. Але найперш помнікі нясуць выхаваўчы характар. Чаму ў многіх дзяржавах пасля таго, як мяняецца ўлада, адразу пачынаецца вайна з тымі ці іншымі помнікамі: адны помнікі руйнуюцца, а замест іх ставяцца іншыя? Гэты працэс моцна бачны на Украіне, у Польшчы, краінах Прыбалтыкі. Рэч у тым, што помнікі нейкай нябачнай сілай фармуюць нашую свядомасць, яны выхоўваюць нашае мышленне і аказваюць уплыў на маладое пакаленне. Заўважце, што пасля прыходу да ўлады бальшавікоў, былі мэтанакіравана знішчаныя святыні. Многія кажуць: навошта гэта рабілі, гэта ж прыгожы помнік архітэктуры. А рэч не проста ў архітэктуры, а ў тым, што сцены святыні нагадвалі пра Бога, хоць у іх ужо даўно і не вялася Літургія. Святыня несла на сабе нябачную сілу, якую нясуць усе помнікі.

Адзін чалавек некалі сказаў мне, што і блізка не згаджаецца з поглядамі Леніна, але ён супраць таго, каб гэтыя помнікі руйнаваць, бо гэта фрагмент нашай гісторыі і культуры. Дык вось, калі ідзе размова толькі пра культуру, то можна з гэтым чалавекам пагадзіцца. Але калі пачнем гаварыць пра выхаваўчую ролю помнікаў для будучых пакаленняў, то, безумоўна, Леніну не месца ў нашых гарадах.

Гэтая ўтоеная сіла помнікаў была бачная ў Старым Запавеце. Пасля кожнай важнай сустрэчы з Богам нашыя патрыярхі веры ставілі ахвярнікі. З аднаго боку так праяўляўся рэлігійны культ, але, з іншага боку, ахвярнікі выконвалі таксама і ролю помніка. Цікава, што Бог наказваў прарокам руйнаваць месцы паганскіх пакланенняў. Здавалася б, навошта? Можна было забараніць ідалапаклонства, а паганскія святыні ці дубравы няхай бы стаялі. Сёння там было б поўна турыстаў, якія захапляліся б культурай і гісторыяй… Тым не менш, Бог наказваў руйнаваць. Цікава: чаму?..

3Святы як частка філасофіі помніка

Помнікі кшталтуюць нашу свядомасць, выхоўваюць нас. Святы – адзін з элементаў гэтага кшталтавання свядомасці. Вельмі прыгожа гэты элемент паказаны ў Торы Майсея:

Если спросит у тебя сын твой в последующее время, говоря: "что [значат] сии уставы, постановления и законы, которые заповедал вам Господь, Бог ваш?" то скажи сыну твоему: "рабами были мы у фараона в Египте, но Господь вывел нас из Египта рукою крепкою; и явил Господь знамения и чудеса великие и казни над Египтом, над фараоном и над всем домом его пред глазами нашими (Втор 6,20-22).

Бог наказвае Майсею і габрэям святкаваць Пасху, але таксама яны павінны быць гатовымі растлумачыць пры гэтай нагодзе сваім дзецям сэнс гэтага свята. Габрэі павінны былі святкаваць не толькі Пасху. Яны мелі некалькі святаў, але ўсе гэтыя святы паказвалі на прысутнасць і асаблівае дзеянне Бога ў жыцці народа. Нават «шабат» нагадваў пра шэсць дзён тварэння Бога. Некаторыя звяртаюць увагу, што нават само слова «свята» гаворыць пра святасць Бога, г.зн. Яго асаблівае, непаўторнае дзеянне. Такім чынам, рэлігійныя святы былі не проста нагодай сустрэцца ў сям’і, а нагадвалі чалавеку пра Бога, у нейкім сэнсе, змушалі чалавека адарвацца ад штодзённых абавязкаў і пайсці аддаць славу Богу. Напрыклад, на тры святы ў год, кожны мужчына быў абавязаны адбыць пілігрымку ў Ерусалім. Святы для габрэяў мелі сапраўды выхаваўчы характар, яны накіроўвалі чалавека на асабістыя адносіны з Богам.

Такое значэнне рэлігійных святаў. Таму для мяне нічога дзіўнага, што бальшавікі адразу ліквідавалі ўсе рэлігійныя святы і на вышэйшым партыйным узроўні вырашалі, якія святы будуць у савецкім грамадстве. Гэтыя новыя святы павінны былі выхоўваць цэлыя пакаленні, што, на жаль, і сталася.

З пустымі рукамі ў госці не ходзяць

Каму-каму, а нам, беларусам, гэтая народная мудрасць добра вядомая. Толькі мала хто з нас ведае, што пост перад Божым Нараджэннем і Пасхай спрыяе таму, каб прыйсці да Бога не з пустымі рукамі, а з падарункам.

Цікава назіраць, як людзі дораць падарункі. Калі гэта блізкі і любімы чалавек, то мы і падарунак стараемся выбраць адпаведны. Часам трэба раскашэліцца, часам некалькі дзён падумаць, што падараваць. У любым выпадку, трэба пастарацца. Калі ж дорым падарунак толькі для знаку (напрыклад, далёкай радні на вяселлі), то і падарункі часта адпаведныя…

Нешта падобнае адбываецца і з рэлігійнымі святамі. Гэта другі элемент святаў. Яны не толькі выконваюць ролю помніка, не толькі фармуюць нашую свядомасць, але і з’яўляюцца знакам нашых адносінаў да Бога. Калі Абрагам ці Якуб ставілі ахвярнікі, то рабілі яны гэта для таго, каб на знак удзячнасці Богу скласці ахвяру з найлепшых жывёлаў. Праз прарока Малахію Бог абвінавачвае людзей, што яны складаюць ахвяры з калечаных жывёлаў:

И когда приносите в жертву слепое, не худо ли это? или когда приносите хромое и больное, не худо ли это? Поднеси это твоему князю; будет ли он доволен тобою и благосклонно ли примет тебя? говорит Господь Саваоф (Мал 1,8).4

Здавалася б: навошта Богу гэтыя ахвяры? І тым больш, з добрых авечак? Сапраўды, выглядае больш лагічна, каб зарэзаць хворую авечку. Але не ў авечках сутнасць. Богу патрэбна тваё сэрца. Ахвяры падчас розных святаў паказвалі адносіны верніка да Бога. Богу патрэбныя нашыя падарункі, бо яны сведчаць пра нашую любоў да Яго. Такім чынам, святы выхоўваюць нас дбаць пра любоў да Бога.

Богу патрэбныя нашыя падарункі. Але якія? Ён не патрабуе ўжо ахвяраў з жывёлаў, але патрабуе нас саміх. Мы самі для Яго ёсць найлепшым падарункам. Нашае пакаянне, навяртанне, служэнне Яму і г.д. Менавіта гэтаму служаць нашы пасты перад святамі. Яны павінны падрыхтаваць нас прынесці сябе ў падарунак Богу. Таму ёсць сэнс задаваць пытанне не пра колькасць з’едзенага мяса і прачытаных ружанцаў, а пра тое, якім мяне хоча бачыць Бог, што я для Яго магу зрабіць?..

Свята пакланення Богу замест свята рэкламаў і традыцый

Калі мы добра прыгледземся да нашых святаў, то можа аказацца, што гэтых двух асноўных элементаў (характар помніку і падарунак для Бога), нам яўна не хапае. Нашыя традыцыі на Божае Нараджэнне даходзяць да таго, што мы больш таўчэмся на кухні, чым прабываем перад Богам у святыні. І калі раней бальшавікі ўсяляк нішчылі памяць (характар помніку) рэлігійных святаў, то сёння мы маем Божае Нараджэнне, але часта без Бога, без падарункаў Яму. Часта гэта багатыя святочныя сталы, ёлкі, падарункі, пакупкі ў крамах. Сёння мы кажам пра «Рождество», вось толькі ці заўсёды памятаем пра Таго, Хто нарадзіўся?  Замест Езуса часта перад намі: міфічныя эльфы, гномы, гірлянды, санта клаусы, ёлкі і г.д. Часам можна пачуць крыху паэтычнае словазлучэнне – «магия Рождества». Але гэта ніякая не рамантыка, гэта нейкае суцэльнае непаразуменне.

Для многіх з нас будзе, мабыць, дзіўна пачуць, што насамрэч мы з упэўненасцю не можам назваць не толькі дзень нараджэння Езуса, але нават і месяц. Для першых хрысціянаў гэтае свята мела хутчэй багаслоўскае значэнне, чым гістарычнае. Яны праслаўлялі Бога за Ўцелаўленне, а святы ўстанавілі, хутчэй за ўсё, для таго, каб адвесці людзей ад паганскіх і ерэтыцкіх поглядаў (напрыклад, ад пакланення сонцу 25 снежня).

Як жа нам вярнуцца да сапраўднага характару рэлігійных святаў? Як зрабіць, каб такія, як я, перасталі напружвацца з прычыны надыходу святаў, у каго даўно згубіўся сапраўдны іхні сэнс? Напэўна, пытанне не з лёгкіх.

Духоўнае жыццё пачынаецца для нас тады, калі мы руйнуем нашых ідалаў, калі выкідваем старыя мяхі. Асабіста я бачу, што ў нашым жыцці няма зменаў да таго, пакуль мы з усіх сілаў спрабуем захаваць староцце, якое не прыносіць плёну. Гэта балючы працэс, але толькі ён прыносіць змены.

Магчыма, камусьці з нас некалі давядзецца рызыкнуць і абмяняць сталы, падарункі, ёлкі, гірлянды, сцэнкі ці яшчэ штосьці падобнае на пакланенне Богу.

5