1…Ізноў надышоў час майго вяртання дамоў, дзе трэба было сустрэцца з маім як заўсёды п’яным татам. Я памятаю яго такім усё жыццё. Ніякія рэлігійныя святы не былі для яго перашкодай для таго, каб як заўсёды напіцца. Я ўсё дзяцінства толькі і марыла, каб мой тата ўрэшце перастаў піць. Я прасіла Бога аб гэтым пры кожнай магчымасці. Аднак сітуацыя не змянялася, а было ўсё горш і горш. Я ўрэшце пачала схіляцца да таго, што найлепшым выйсцем для мяне будзе выехаць з дому…

 

Прывітанне!

Мяне завуць Моніка, жыву я ў Польшчы, у Любліне.

Нейкі час таму я перажывала семінар Адновы ў Святым Духу. Мне здавалася, што падчас  гэтага семінару нешта здарыцца, альбо Езус скажа мне: «Моніка, трэба зрабіць тое, або іншае». Я ж чакала, што Ён прыме за мяне нейкія рашэнні, а мне застанецца толькі з гэтым пагадзіцца. Аднак ніякага перавароту семінар майму жыццю не даў. І зноў надышоў час майго вяртання дамоў, дзе трэба было сустрэцца з маім як заўсёды п’яным татам. Я памятаю яго такім усё жыццё. Ніякія рэлігійныя святы не былі для яго перашкодай для таго, каб як заўсёды напіцца. Я ўсё дзяцінства толькі і марыла, каб мой тата ўрэшце перастаў піць. Я прасіла Бога аб гэтым пры кожнай магчымасці. Аднак сітуацыя не змянялася, а было ўсё горш і горш. Я ўрэшце пачала схіляцца да таго, што найлепшым выйсцем для мяне будзе выехаць з дому. Маці мяне пераконвала: «Пацярпі яшчэ трохі, выедзем разам і ўсё будзе добра». Аднак я не вытрымала і ўцякла, хаця ведала, што гэта будзе трагедыяй для маці. Я была ейнай адзінай надзеяй і падпорай. Зрэшты, яна для мяне – таксама.

Я выехала ў Люблін. Тут сустрэла хлопца, які дапамог мне забыцца пра бацьку. Аднак варта было мне толькі вярнуцца дахаты, і ўсё вярталася на свае месцы. Найгорш было тое, што я адчувала сябе бездапаможнай. Мне здавалася, што ўсё тое, што я чую пра Бога – гэта адзін вялікі падман. Я задумвалася над тым, што трэба зрабіць, каб гэты Бог урэшце мяне пачуў.

Паколькі я не магла знайсці ў Богу суцяшэння, я шукала яго ў людзях. Адносіны з хлопцам, з аднаго боку, мне дапамагалі, а з іншага боку, я не адчувала сябе шчаслівай. Адчувала, што нам трэба расстацца, а я не магла на гэта рашыцца.           

Бог для мяне перастаў існаваць. Я ўзгадвала пра Яго толькі тады, калі глядзела на майго п’янага тату. У думках было адно перакананне: «Я буду шчаслівай толькі тады, калі мой тата перастане піць». 2          

Аднаго разу нехта патэлефанаваў і сказаў, што мая маці больш не жыве. Я падумала: не можа быць, ёй жа толькі 47 гадоў. Наступная думка была: і што цяпер са мной будзе? Маці была адзіным чалавекам, які мяне любіў, яна была для мяне ўсім.           

У гэты ж дзень я пайшла ў касцёл памаліцца і казала толькі адно: «Ратуй мяне, бо я засталася адна». Бог даў мне сілы перажыць пахаванне. Трэба было ўсё рабіць самой. Хлопец не мог мне дапамагчы, а бацька, як заўсёды, ляжаў п’яны.           

Нейкі час я блукала, як бяздомны сабака, пакуль не сустрэла святара, які, молячыся нада мною, сказаў: «Ты – Божае Дзіця, ты – Яго любімая дачка. Не бойся казаць Богу: «Тата». Я не магла прыняць гэтых слоў. Я не магла свайго бацьку называць «татам», а тым больш Бога. Аднак святар падчас усёй малітвы паўтараў гэтыя словы.           

Сёння я ведаю, што тая малітва святара сталася для мяне духоўным і псіхічным аздараўленнем. Сілай волі, перамагаючы сябе, я пачала казаць, што Бог – гэта мой тата. У тыя хвіліны пачынала па-сапраўднаму нараджацца мая першая малітва, мая вера. З часам Бог паказаў мне, што Ён прысутнічае ў кожным чалавеку, таксама і ў маім тату, які ляжаў недзе п’яны.           

Пасля гэтай малітвы я зразумела, што я не бяздомная і не сірата. І хаця я рассталася са сваім хлопцам, аднак верыла, што Бог мае для мяне свой план і не баялася нічога. І так сапраўды сталася. Пасля некалькіх гадоў майго побыту ў супольнасці Адновы ў Святым Духу я пазнаёмілася тут з маім будучым мужам. Цяпер я не адчуваю сябе самотнай і пакрыўджанай, хоць часам і цяжка жыць. Мой муж – гэта для мяне Божы план адносна мяне. Мы разам молімся, разам шукаем працу, разам думаем, як знайсці што есці на бліжэйшы час. І надалей мы належым да харызматычнай супольнасці і шукаем Божай волі адносна нас.           

Верым, што Бог сапраўды дае Свайго Духа тым, хто Яго просіць, і гэтага вам жадаем. З малітвай аддаём вас Беззаганнай Дзеве Марыі.

Моніка і Яраслаў

3