вінград

Апроч нашых ідэалаў і прагненняў вельмі важна ведаць самога сябе. Многія святыя і настаўнікі духоўнага жыцця паказвалі, што немагчыма пазнаць Бога, калі найперш ты не пазнаў, кім ты сам з’яўляешся. Прыгадайце, як Пётр кляўся Езусу, што ніколі Яму не здрадзіць і не адрачэцца. За гэтымі гучнымі лозунгамі стаяла няведанне самога сябе. Пётр проста не быў яшчэ ў такой сітуацыі. Ён не меў вопыту. І калі апынуўся ў ёй, то аказалася, што не быў здольны справіцца са сваімі страхамі...

 

ПАЧУЦЦІ Ў НАШЫМ ЖЫЦЦІ

 

Неабходнасць пазнаваць самога сябе

У духоўным жыцці даволі распаўсюджана памылка, калі мы, маючы перад вачыма хрысціянскія ідэалы, імкнемся прымерыць іх да сябе і да іншых. Мы вельмі часта разлічваем на сваю сілу волі, на свае жаданні, а яшчэ мы чамусьці перакананыя, што іншыя таксама павінны справіцца з дадзенай задачай, бо вось жа справіўся я, або хтосьці іншы. Часам гэта можа даць нейкі знешні эфект і нават пэўны вынік, але за гэтым эфектам потым часта ідзе расчараванне, жыццёвая стома, хворыя амбіцыі, канцэнтрацыя на самім сабе і г.д.

Выразным прыкладам з’яўляецца для нас гісторыя св. Ігнацыя Лаёлы. Гэты святы перажыў навяртанне, чытаючы Біблію і жыццярысы святых. Ён паставіў перад сабой канкрэтныя мэты, якія хацеў здабыць. Аднак з часам аказалася, што гэтыя мэты аказаліся маларэальнымі, што, на думку некаторых, прывяло святога да своеасаблівай духоўнай дыпрэсіі, да страхаў і асуджэння самога сябе.2

Аказваецца, што апроч нашых ідэалаў і прагненняў вельмі важна ведаць самога сябе. Многія святыя і настаўнікі духоўнага жыцця паказвалі, што немагчыма пазнаць Бога, калі найперш ты не пазнаў, кім ты сам з’яўляешся. Прыгадайце, як Пётр кляўся Езусу, што ніколі Яму не здрадзіць і не адрачэцца. За гэтымі гучнымі лозунгамі стаяла няведанне самога сябе. Пётр проста не быў яшчэ ў такой сітуацыі. Ён не меў вопыту. І калі апынуўся ў ёй, то аказалася, што не быў здольны справіцца са сваімі страхамі.

Апроч нашай добрай волі і прагненняў на наша рэлігійнае жыццё ўплывае выхаванне, наша сям’я, наша гісторыя, нашыя раны, грахі і г.д. Асабіста мне гэтую тэму крыху прыадкрывае мой вопыт служэння на зоне. Менавіта там я вельмі выразна ўбачыў, што чалавек не заўсёды можа стаць тым, кім бы яму хацелася. І не таму, што ён гэтага не хоча, а таму, што ён дзесяты раз на зоне і ўся яго сям’я таксама мае падобныя, як і ў яго, праблемы. Ён проста ніколі не бачыў іншага жыцця. І з гэтым трэба лічыцца.

Альбо возьмем іншы прыклад. Касцёл мае вялізныя праблемы з цэлібатам сярод святароў афрыканскага паходжання. Можна іх выхоўваць для цэлібату, але гэты высілак часам становіцца амаль нерэальным для рэалізацыі, калі ўлічыць, што ў многіх дзяржавах Афрыкі няма самога паняцця сям’і. Людзі часта нават не думаюць пра тое, што мае сэнс быць верным адной жонцы. Некаторыя місіянеры часам сустракаліся з тым, што людзі нават не ведалі, што азначае слова “тата”, таму што іх усіх выхоўвала мама, а свайго таты яны нават не ведалі. І гэта не адна ці дзве гісторыі, а паўсюдная з’ява ў тым рэгіёне. Калі ўсё гэта ўлічыць, то ідэал цэлібату або іншыя ідэалы становяцца проста на ўзроўні фантастыкі.

22Святы Ігнацы, калі піша пра неабходнасць духоўнага распазнавання, мае на ўвазе перш за ўсё не таямнічую містыку і харызматы, а назіранне за сабой, за сваімі перажываннямі, прагненнямі, пачуццямі. Распазнаванне абапіраецца на тое, што трэба знайсці крыніцу праблемы. Адкуль усё гэта ўва мне нараджаецца, што мной кіруе? Калі чалавек не ведае праўды пра сябе, або не прызнае яе, то ён усялякія свае жаданні і неўпарадкаваныя пачуцці можа прымаць за Божае натхненне. А злы гэтую несвядомасць будзе спрытна выкарыстоўваць. Асабіста я маю вопыт, калі мне хацелася мець нейкі асаблівы дар прароцтва або моваў і я несвядома сам сабе нешта надумваў, “бачыў”, адчуваў. І толькі з часам мог назваць рэчы сваімі імёнамі.

Гэтыя ілюзіі і падманы можна перамагчы толькі ў тым выпадку, калі мы пачынаем звяртаць увагу не на дасягнутыя вынікі, не на пастаўленыя мэты, не на агульнапрынятыя ідэалы, а на наш унутраны, скрыты і таямнічы свет. Паверце, невыпадкова Езус цытуе прарока Ісаю: гэты народ шануе Мяне вуснамі, але сэрца яго далёка ад Мяне. Ён шануе Мяне дарэмна… (Мк 7,6-7). Бог шмат разоў звяртае ўвагу на сэрца, на наш унутраны свет.

Калі мы пачынаем прыглядацца ўсур’ёз да нашага ўнутранага жыцця, да нашых пачуццяў, мараў, прагненняў, то можам адкрыць вельмі шмат дзіўных парадоксаў. Вельмі трапна пра гэта спяваў у свой час Віктар Цой: Ты хотел быть один, это быстро прошло.

Ты хотел быть один, но не смог быть один. Часта сапраўды так ёсць. Ты можаш марыць пра адзіноту, пра тое, каб быць аднаму, а, разам з тым, чакаеш, калі табе хтосьці напіша, патэлефануе. Ты крычыш, як цябе ўсе дасталі, як ты не хочаш нікога бачыць, а, разам з тым, нехта ўнутры цябе крычыць, што табе мала ўдзяляюць увагі. Аб’яўляеш, што хочаш бескарысліва служыць, а сам чакаеш, калі цябе за гэтае “бескарыслівае служэнне” пахваляць або ўзнагародзяць. Усё гэта паказвае на тое, што ты проста не ведаеш, кім ты на самой справе ёсць.

 

3Навучыцца прыглядацца да сябе

Многія з нас ведаюць, што такое рэкалекцыі. Вельмі часта мы ездзім на рэкалекцыі, каб нешта ў нашым жыцці змянілася, каб нешта асаблівае перажыць, набрацца сілаў. Так ці інакш, але атрымліваецца, што вельмі мала людзей настроена на працу. Найчасцей мы чакаем, што Бог нешта зменіць, што іншы чалавек нешта зменіць у нашым жыцці. Таму нічога дзіўнага, што вельмі часта пасля рэкалекцый мы перажываем чарговае расчараванне, бо яны скончыліся, мы вярнуліся дадому і нічога не змянілася.

Вельмі цікавае разуменне рэкалекцый падае святы Ігнацы Лаёла. Ён называе іх “духоўнымі практыкаваннямі”. Ужо сама назва кажа нам пра працу. Духоўнымі практыкаваннямі ён называе ўсялякія рэлігійныя практыкі (малітва, разважанне над Божым словам, пост), якія служаць для таго, каб упарадкаваць або выкінуць усялякія неўпарадкаваныя пачуцці, а пасля гэтага ўсур’ёз пачаць шукаць Божую Волю. Заўважце, што гаворка ідзе пра працу над неўпарадкаванымі пачуццямі. Без распазнання гэтай сферы і без адпаведных лекаў немагчыма выконваць Божую Волю. Святы Ігнацы бачыў, што пазнаванне Божага слова на працягу тыдня або месяца павінна адкрываць праўду пра нас і накіроўваць на адпаведную працу. Можна дадаць, што не толькі Божае слова паказвае нам праўду пра нас, але найперш звычайныя нечаканыя сітуацыі нашых шэрых будняў паказваюць нам, хто мы такія, адкрываюць перад намі неўпарадкаваныя пачуцці, якія мы не можам кантраляваць, а яны проста, нібы на злосць нам, усплываюць.

А часта мы трапляем у іншую пастку. Нам здаецца, што выключна ўсё можна вырашыць на духоўным узроўні. Напрыклад, калі ёсць грэх – трэба паспавядацца, адрачыся ад зла і Бог ад усяго кепскага нас вызваліць. Але рэч у тым, штосамі пачуцці, або, калі дакладней, эмоцыі, не з’яўляюцца грахом. Многія з нас чулі пра гэта, але ніколі не прыдавалі гэтаму асаблівага значэння. Вось што на дадзеную тэму кажа Катэхізіс Каталіцкага Касцёла:

Выражение «страсти» означает аффекты или чувства. Посредством своих эмоций человек предчувствует добро и подозревает зло. Основными страстями являются любовь и ненависть, желание и страх, радость, грусть и гнев. В страстях как движениях чувств, с точки зрения нравственной, нет ни добра, ни зла. Но в зависимости от того, связаны они или нет с разумом и волей, в них наличествует моральное добро или моральное зло. Чувства и эмоции могут быть восприняты в добродетелях или извратиться в пороках. Совершенство морального блага состоит в том, что человек стремится к добру не только своей волей, но также и своим сердцем (ККК 1771-1775).

Такім чынам, пачуцці не з’яўляюцца ні добрымі, ні дрэннымі. Грэх нараджаецца толькі тады, калі мы розумам і воляй згаджаемся з гэтымі пачуццямі. Гэта азначае, што справай споведзі і адрачэння нельга ўсё вырашыць. Пакаянне чалавека – гэта змена не толькі нашай волі, нашага жадання, але таксама і нашага сэрца, пачуццяў. Менавіта таму св. Ігнацы бачыць, што перш чым шукаць Божую Волю, трэба ўпарадкаваць сферу пачуццяў.

Менавіта таму трэба не толькі сказаць на споведзі – я перажываў расчараванне. Трэба навучыцца глядзець у сваё нутро. Калі гэтае расчараванне пачынала нараджацца? Як часта яно з’яўляецца? У сувязі з якімі падзеямі, людзьмі, перыядам года? Ці гэтаму расчараванню папярэджваюць ці суправаджаюць іншыя перажыванні і г.д. Гэта аналіз свайго жыцця і сваіх будняў. Без Божай помачы мы не можам правесці такі аналіз. Многія людзі перажываюць тыя самыя рэчы, але не могуць іх назваць. Менавіта таму тэма пазнавання самога сябе – гэта ласка Божая і супрацоўніцтва з Ім. Толькі Бог можа сказаць, хто я такі, бо Ён мяне стварыў.

 

4Навучыцца называць па імені

На гэтым эпате пазнавання самога сябе трэба навучыцца надаваць нашым перажыванням адпаведныя імёны. Інакш кажучы, проста называць рэчы сваімі імёнамі. Усё, што стварыў Бог, атрымала сваё імя. Гэта не толькі філасофія. Калі нейкая рэч, або падзея, або перажыванне атрымлівае сваё імя, яно становіцца нібы бачным, нібы пачынае існаваць, а я нібы атрымліваю кантроль. Гэта вельмі цікавая рэч. Часам людзі распавядаюць пра свае праблемы, чакаючы падказкі, канкрэтных рашэнняў, а насамрэч ім трэба было проста назваць сітуацыю, агучыць яе. Для некаторых гэта далёка не так проста. Ёсць такія слабасці, або некантраляваныя эмоцыі, пра якія ў нашым асяроддзі не гаворыцца. Напрыклад, сфера сэксуальнасці. Часта людзі кажуць на споведзі: былі злыя думкі, былі дрэнныя думкі. Далёка не кожны мае адвагу прызнацца перад сабой або іншым у пачуццях ці эмоцыях сэксуальнага плану. А што ўжо казаць пра схільнасці гомасэксуальныя, бісэксуальныя, транссэксуальныя? Падобным чынам нехта не можа прызнацца, што закахаўся, што мае схільнасці ці залежнасць ад алкаголю. Нехта баіцца прызнацца нават у тым, што ёсць пачуццё нянавісці, непрабачэння, гневу і г.д. А прычына ў тым, што ўся яго сям’я веруючая і тут усе правільныя і таму нават думаць няправільна нельга, а таксама нельга адчуваць штосьці не так, як прынята.

Вельмі часта трэба вучыцца называць свой унутраны стан не толькі адным словам. Напрыклад, “мне радасна”. Можа быць радасна з прычыны прысутнасці Бога, з прычыны зарпланы, поспеху сына ў школе, але таксама з прычыны няшчасця суседа. Чымсьці іншым таксама будзе сум з прычыны смерці блізкага чалавека, а чымсьці іншым адчай ці дэпрэсія. Такім чынам, пачуцці маюць, калі казаць вобразна, не толькі колер, але таксама адценне. Вельмі важна навучыцца ўсё гэта называць сваімі імёнамі, не ацэньваючы іх, а проста называць.

 

5Разгадваючы код

Нехта трапна заўважыў, што пачуцці маюць свой код, нясуць нейкую скрытую інфармацыю, якую трэба разгадаць. Вельмі важна пры гэтым не рабіць паспешлівых высноваў. Справа ў тым, што мы, дарослыя, прызвычаіліся ўсё аналізаваць нашым розумам. Мы нават не ўяўляем таго, што можна пазнаваць свет інакш. Жан Ванье распавядаў пра адно цікавае здарэнне. Адзін непаўнаспраўны хлопец з супольнасці “Каўчэг” удзельнічаў у спартыўных спаборніцтвах. Ён бег першы. Поруч з ім бег іншы хлопец, які нечакана паваліўся. І што робіць лідар забегу? Замест таго, каб бегчы далей, ён вяртаецца, падымае пацярпелага і яны дабягаюць да фініша разам. Жан Ванье звяртае ўвагу, што гэтым хлопцам кіравалі здаровыя эмоцыі і пачуцці, а не логіка і розум. Зрэшты, дзеці да нейкага ўзросту пазнаюць свет амаль выключна на ўзроўні пачуццяў. Нам гэта не зразумела, але дзеці адчуваюць варожасць і адкрытасць іншых людзей. Такім чынам, мы пазнаем свет далёка не толькі розумам.

Трэба лічыцца і разумець, што наш розум можа даць няправільны каментар да нашых пачуццяў. Інтэлект можа не зразумець таго, што ўва мне ўнутры. І калі мы вешаем ярлык і прызвычайваемся да яго, то пасля вельмі складана яго зняць. Менавіта таму паміж нашымі перажываннямі і высновамі павінен быць час, ахвяраваны на распазнанне і працу.

Цікава, што калі розум можна падмануць, то пачуцці немагчыма падмануць. Яны аб’яўляюць нам нейкую праўду, з якой нам не надта хочацца згаджацца. Як гэта ні дзіўна гучыць, але пачуцці вельмі інтэлігентныя. Менавіта таму да іх варта прыслухоўвацца і спрабаваць зразумець, аб чым яны гавораць, які нясуць скрыты код. Вельмі важна пры распазнаванні не скідваць віну ці адказнасць на іншых людзей, не абвінавачваць іх. Напрыклад, мне балюча, што на мяне не звярнулі ўвагі. Не трэба абвінавачваць іншых, што яны не звярнулі на мяне ўвагі, але варта запытацца сябе: чаму мне гэтак балюча? Пачуццё крыўды і болю дало інфармацыю не пра іх, а пра мяне. Гэта вялікая памылка – думаць, што калі я перажываю тое ці іншае, то ў гэтым хтосьці іншы вінаваты. Крыніца нашых перажыванняў знаходзіцца ў нас саміх, а сітуацыі або людзі толькі правакуюць да перажыванняў. Таму важна нават не столькі знайсці крыніцу праблемы і абвінаваціць, напрыклад, бацькоў, колькі зразумець, якую ролю ў маім жыцці іграюць гэтыя перажыванні, што з іх вынікае. Людзі, якія гэтага не разумеюць, могуць капацца ў сабе бясконца і гэта не дае ніякага выніку.

 

6Распазнанне і духоўнае суправаджэнне

У гэтай працы распазнавання скрытай інфармацыі можа быць важны іншы чалавек з духоўным досведам. У дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра споведзь, а пра духоўнае суправаджэнне. На споведзі мы гаворым пра грахі і ў ідэале пра пачуцці лепш не распавядаць. Аднак у духоўнай размове тэма пачуццяў мае важнае значэнне, бо гаворка ідзе пра працу над сабой і распазнаванне, а не толькі пра грэх. Пачуцці падаюць нам сігнал, і яго трэба зразумець. Часам гэта немагчыма зрабіць без помачы вопытнага духоўнага кіраўніка. У старажытнасці вернікі ішлі на споведзь да святара, а на размову – да манахаў, якія жылі на пустыні і не былі святарамі, аднак мелі багаты духоўны досвед. Праблема ў тым, што сёння ў нас не надта распаўсюджаныя духоўныя размовы, і таму яны пераклікаюцца са споведдзю, што з’яўляецца далёка не найлепшым варыянтам.

Так ці інакш, для нас вельмі важна навучыцца не толькі перад сабой называць рэчы сваімі імёнамі, але таксама перад іншымі. Цікава, што калі мы думаем, што маўчаннем нічога не скажам, то аказваецца, што менавіта нашае маўчанне гаворыць пра нашыя праблемы, пра страхі, пра хворы кантроль над сваім жыццём і г.д. Тут вельмі важна мець мудрасць у дадзенай справе. Калі я і патрабую помачы іншага чалавека, то толькі таго, хто мае веды, веру і духоўны досвед. Езус кажа, што сляпы сляпога нікуды не завядзе. Таксама сакрамэнт святарства далёка не ўсё вырашае. Мець уладу адпускаць грахі і весці духоўнае суправаджэнне – гэта далёка не тое самае. Чалавек, які шчыра шукае Госпада, а не іншага чалавека, які за яго павінен будзе ўсё вырашаць, з лёгкасцю зможа разабрацца ў гэтай тэме.

З іншага боку, трэба выразна ведаць, для чаго мне трэба распазнаваць свой эмацыйны альбо духоўны стан. Святы Ігнацы кажа, што трэба разабрацца ў тэме неўпарадкаваных пачуццяў для таго, каб шукаць Госпада і спаўняць Яго Волю. Не выключана, што калі ў чалавека атрымліваецца ісці за Ім і ён ведае, як гэта рабіць і робіць гэта, то яму і капацца ў сабе зусім не трэба. Зусім не абавязкова праз сілу шукаць сабе духоўнікаў. Не трэба з гэтага рабіць ідалаў. Калі ў чалавека няма жадання шукаць Госпада і служыць Яму, то сустрэчы з духоўнікам і бясконцае капанне ў сабе перарасце ў лепшым выпадку ў звычайную псіхатэрапію, а ў горшым – у культ свайго “я”. Ніколі нельга ісці за жаданнем мець духоўніка толькі таму, што пра гэта пісаў св. Ян ад Крыжа, або таму што гэта крута. У духоўным жыцці і працы мы можам дайсці да таго стану, калі зразумеем, што мы самі не спраўляемся. Гэта знак, што нам, магчыма, трэба помач іншага чалавека. Бог так робіць, што мы залежныя адзін ад аднаго і нам патрабна ўзаемная дапамога і ўзаемнае праяўленне любові. Аднак калі чалавек сам не навучыўся працаваць і змагацца ў пошуках Бога і Яго Волі, то, адназначна – духоўнік будзе лішнім.

 

7Пачуцці паказваюць не толькі на праблемы

Многія прызвычаіліся да таго, што пачуцці, як правіла, не нясуць добрай весткі. Гаворка ідзе пра гнеў, зайздрасць, крыўду, самотнасць, асуджэнне, страх. І нават калі і гаворым пра ўзнёслае пачуццё закаханасці, то нават і яно часта прынясе свае праблемы.

Аднак пачуцці нясуць таксама духоўны досвед і сустрэчу з Богам. Напрыклад, жаданне дабра, ахвярнасць, шчырасць, натхненні, любоў – ўсё гэта набліжае нас да Бога.

Святая Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа пісала, што здольнасць прымаць пачуцці і дзяліцца імі з іншымі, выказваць іх вядзе да здольнасці спачуваць, рабіць дабро, быць адкрытым на іншага чалавека, выходзіць са свайго эгаізму.

Святы Ян ад Крыжа пісаў, што Бог аб’яўляе сябе перад усімі людзьмі, таксама і грэшнымі, праз знешні свет. Аб’яўляе сябе праз ласкі святых сакрамэнтаў, што могуць дасведчыць тыя, хто выракаецца зла. Але таксама аб’яўляе сябе праз духоўныя адчуванні. Напэўна добрым тут прыкладам будуць вучні Езуса, якія пасля Ўкрыжавання ўцякалі ў Эмаўс. Яны распазнаюць Езуса па тым, што ў іх палала сэрца, калі Езус тлумачыў ім слова Божае. Ідзе размова не пра сакрамэнты, а пра духоўнае адчуванне. Асабіста мне Бог паказаў, што маё сэрца гарыць з прычыны голаду па Ім, па Яго прысутнасці.

Святы Фама Аквінскі пісаў, што Бог кліча нас знешнім і ўнутраным голасам. Знешні голас – гэта тое, што адбываецца ў свеце матэрыяльным. Гэта можа быць прыгожы спеў праслаўлення, моцнае казанне, ўражанне ад прыроды ці святыні, навучанне Касцёла, удзел у святых сакрамэнтах. Унутраны голас – гэта натхненні чалавека, прагненні, жаданні, мары. Гэтыя два галасы павінны гучаць разам, нібы ва ўнісон. Тады мы можам сказаць, што распазналі Яго голас.

Тое, аб чым мы разважаем, вельмі трапна назваў св. Ігнацы. Ён пісаў пра ўпарадкаваныя крокі ў духоўным жыцці. Чалавеку найперш трэба адчуць, гэта значыць, прызнаць праўду пра тое, што нешта ў ягоным сэрцы, ў сферы перажыванняў адбываецца. Пасля трэба распазнаць. Гэта значыць, разгадаць скрыты код, распазнаць, якую інфармацыю тыя ці іншыя пачуцці нясуць. А пасля прыняць іх або адкінуць.

 

Як працаваць над пачуццямі

Найперш трыба прыняць залатое правіла – у самых розных маіх перажываннях я не шукаю вінаватых. Трэба прыняць тыя ці іншыя пачуцці як свае, а не як тыя, што нехта мне іх падкінуў. Мы павінны разумець, што пошукі вінаватых адводзяць нас ад працы над сабой, якую мы павінны зрабіць. Гэта пастка. З яе трэба свядома выходзіць.

Калі мы можам назваць па імені нашыя перажыванні, то не трэба адразу кідацца змяняць тое, што нам не падабаецца. Мы павінны навучыцца кантраляваць пачуцці, а не знішчаць іх і не вініць сябе за тое, што перажываю тое ці іншае. Святы Фама Аквінскі пісаў, што спроба задушыць пачуцці з’яўляецца чынам немаральным.

Чалавек павінен разумець, што ён мае шмат розных пачуццяў. Мудрасць палягае на тым, што іх трэба навучыцца кантраляваць. Кожнае пачуццё мае права быць, але калі адно з іх пачынае дыктаваць умовы або пануе над усім іншым, то трэба на гэта асабліва звяртаць увагу і асабліва гэтым займацца. Польскі езуіт Юзаф Аўгусцін прапануе цікавы вобраз. Гэта – пастыр, які сочыць за статкам авечак. Усе яны маюць права хадзіць там-сям, але калі нейкая авечка адышла надта далёка і наблізілася да прорвы, то трэба адназначна ўмешвацца, хоць і не гвалтоўна. Трэба спачатку ўбачыць, як авечка падыходзіць да прорвы, а не біць у звон у апошнюю хвіліну.

8Вельмі карыснай практыкай з’яўляецца штодзённы рахунак сумлення. Гаворка ідзе хутчэй не пра падрыхтоўку да споведзі, а пра аналіз пражытага дня, у якім былі як грахі, так і добрыя рэчы. Гэты аналіз у святле Духа Святога дазвалее нам бачыць праўду пра нас, часта нечаканую праўду, але самую праўдзівую. Менавіта таму ў такім штодзённым рахунку сумлення вельмі важна маліцца, каб Дух Святы паказаў тое, што нам трэба бачыць (тэма штодзённага рахунку сумлення была раней на “Вінаградніку”).

Кантроль над нашымі пачуццямі вымагае найперш агромністай пакоры. Трэба найперш прызнацца ў тым, што я маю сферы, якія мне не падабаюцца, што я хворы і што мне патрэбны Лекар, што я не ідэальны. Гэтай пакоры будзе супраціўляцца ідал ілжывай рэлігійнасці, дзе ўсё правільна, ідэальна і без памылак.

Яшчэ адзін вельмі важны нюанс. Жыццё кожнага чалавека непаўторнае. Кожны з нас знаходзіцца на сваім этапе. У сувязі з гэтым і пачуцці, здавалася б, падобныя, могуць несці абсалютна розную інфармацыю (таямнічы код). Менавіта тут часта патрэбна помач іншага вопытнага чалавека і добрае распазнанне. Напрыклад, дзяўчына мае пачуццё прыгнечанасці. Яно трывае ад таго моманту, калі яе пакінуў хлопец. Яна не хоча ў гэтым прызнавацца і нібыта пераканала сябе, што гэта не павінна яе хваляваць. Але пачуцці гавораць праўду, а розум супраціўляецца. Вельмі важна назваць рэчы сваімі імёнамі, распазнаць корань прыгнечанасці. Не выключана, што за гэтым стаіць нешта глыбейшае – непрабачэнне, яе ніхто ніколі не любіў, яе чарговы раз пакінулі і яна ненавідзіць сябе, яна не верыць у сваю прыгажосць і чарговая гісторыя толькі пацвярджае гэта. Такім чынам, прыгнечанасць – толькі вяршыня айсберга і нічога дзіўнага, што яна трывае ўжо некалькі месяцаў. І споведзь далёка ўсяго не вырашыць. Тут неабходнае грунтоўнае распазнаванне.

Аднак можа быць сітуацыя больш простая. Дзяўчына заўсёды жыццярадасная, нават не ведала, што такое сум. І тут нечакана на яе зваліўся адчай і прыгнечанасць, без яўнай на тое прычыны. Таксама важна распазнанне, але не думаю, што ў такім выпадку трэба капацца ў сваіх пачуццях. Можа быць атака злога з той ці іншай прычыны, а дзяўчына менавіта так рэагуе. Ёй трэба менш капацца ў сабе, а памаліцца і загадаць злому: у Імя Езуса Хрыста я выракаюся духа прыгнечанасці, я звязваю цябе, дух прыгнечанасці, і загадваю ісці пад крыж Езуса, я забараняю табе вяртацца Імем Езуса Хрыста, я абмываю сябе Найсвяцейшай Крывёю Езуса.

Маем дзве розныя сітуацыі, але тое ж самае пачуццё прыгнечанасці. У першым выпадку такая малітва адрачэння таксама патрэбная, але трэба было найперш распазнаць і знайсці больш глыбокія карані. Часам нашыя эмацыйныя праблемы трэба вырашаць малітвай адрачэння або заступніцтва, часам – дапамогай псіхолага, псіхіятра ці нават лекамі, а часам павінна быць і тое, і другое. Мы гэтаму не павінны здзіўляцца, таму што асноўныя тры сферы ў чалавеку (несмяротны дух, пачуцці (душа) і цела) узаемазвязаныя. Мы гаворым часта пра розныя гісторыі і нельга накладваць адзін і той жа трафарэт і прымаць той самы лек. Менавіта тут агромністая патрэба распазнання і вадзіцельства Духа Святога. І гэтае распазнанне найперш павінны праводзіць мы самі, а не бегчы да некага за гатовымі адказамі.

 

Страх перад праўдай

Езус кажа: пазнайце праўду і праўда вас вызваліць. Пачуцці вельмі часта паказваюць нам праўду пра нас, аднак, нам прасцей жыць у цемры, да якой мы прызвычаіліся, чым прымаць нешта новае. Псіхолагі часта звяртаюць увагу на тое, што многія хворыя, якія хварэюць доўгі час, насамрэч не хочуць аздараўлення. Яны знаходзяць пэўную прыемнасць у тым, што ім нехта спачувае, шкадуе іх, любіць, не асуджае. У гэтым ёсць свой, як кажуць, падскурны інтарэс. Людзі часта баяцца зменаў і нечага новага, прасцей жыць у тым, што добра вядома і праверана. Гэта датычыць не толькі хваробаў, але і прывязанасці да граху. Чалавек, які быў беспрацоўным або нават бяздомным больш за паўгода, будзе вяртацца да нармалізацыі свайго жыцця з вялікай цяжкасцю. Проста ён ужо знайшоў сваю выгаду ў сваёй бязраднасці і беднасці.

Часта менавіта гэта становіцца прычынай таго, што людзі баяцца пазнаваць праўду пра сябе і шукаюць вінаватых навокал. Праблема ў тым, што калі чалавек у маладосці не спрабуе запанаваць над сваімі неўпарадкаванымі пачуццямі, то праз дзесяткі гадоў ад гэтага будуць пакутаваць людзі вакол яго і будзе “вінаваты” Бог ва ўсіх ягоных бедах. І змяніць гэты стан будзе нашмат цяжэй.

“Благаслаўлёныя чыстыя сэрцам”. Прафесар Ф. Арвэсу пісаў, што гаворка ідзе далёка не толькі пра чысціню сэксуальную ці нават чысціню ад грахоў. Чысціня праяўляецца таксама ў тым, што чалавек перастае баяцца сам сябе, перастае баяцца праўды пра самога сябе. А благаслаўленне ў тым, што калі ты не баішся праўды пра хворыя месцы твайго жыцця, то маеш магчымасць не кантраляваць панічна сябе і іншых, а больш звяртаць увагу на Бога і шукаць Яго. Гэта – парадокс, але калі чалавек зацыклены на сваёй праведнасці, на сваім ідэальным “я”, то ён па-сапраўднаму не шукае Бога, не ўмее рызыкаваць. Гаворка ідзе пра культ майго ідэальнага “я”.

 

9ПАЧУЦЦІ І ЭМОЦЫІ

 

Для многіх з нас паміж гэтымі двума паняццямі няма розніцы. Мы часта ўжываем іх як сінонімы. У першай частцы нашай тэмы я ўжываў іх як сінонімы і, кажучы пра пачуцці, насамрэч часта меў на ўвазе эмоцыі. Я сам не дакладна ўсведамляў таго, што існуе паміж імі розніца. Гэты нюанс, па міласці Божай, мне адкрыўся толькі пасля таго, як пачаў рыхтаваць тэму. І ён вынікае з сувязі і розніцаў паміж нашым духам (несмяротны) і душой (эмацыйнасць).

 

Пра паняцці

Як я ўжо казаў, вельмі важна надаваць імя той ці іншай рэчаіснасці. І хаця я ўнутрана адчуваў і, можна сказаць, даўно ведаў пра тое, што эмоцыі і пачуцці – гэта крыху розныя рэчы, то калі нехта мне назваў і паказаў па-імені гэтую розніцу, я стаў глядзець на гэтую тэму па-новаму. Прапаную інфармацыю, узятую ад аднаго псіхолага.

Эмоцыі чалавек перажывае, але часта іх цяжка адразу ж назваць. Напрыклад, чалавек кажа “мне дрэнна, нешта не так”. Невядома пра што ідзе размова – пра страх, гнеў, адчай, расчараванне, трывогу. Чалавек проста нешта эмацыйна адчувае і ў гэтым яшчэ трэба яму самому разабрацца. З пачуццямі больш канкрэтна. Чалавек дакладна ведае: гэта – сяброўства, любоў, шчасце, ганарыстасць, зайздрасць, гнеў. Калі эмоцыі чалавек не ўсведамляе, то за пачуццямі ідзе часта усведамленне і выбар. Чалавек ведае, чаму ён любіць таго, а не іншага, чаму з ім сябруе, чаму ганарыцца.

Эмоцыі часовыя і звязаныя з канкрэтнай сітуацыяй, “тут і зараз”. Хаця часам можа ісці размова пра мінулае або будучыню, але чалавек чамусці перажывае гэта менавіта зараз, у гэтай сітуацыі. Пачуцці ж больш стабільныя, звязаныя з аб’ектам, а не з сітуацыяй. Напрыклад, калі я люблю Госпада, чалавека або сваю радзіму, то гэта не толькі сёння, а ўжо месяцы і гады. Пачуцці нараджаюць эмоцыі. Часам яны падобныя, а часам абсалютна супярэчлівыя. Напрыклад, я страшна гневаюся на чалавека, якога вельмі люблю. Люблю яго даўно, а гневаюся ў дадзенай сітуацыі. Такім чынам, сітуацыя ўзбуджае эмоцыі з новай сілай, але пачуцці могуць быць старой і вядомай мне справай.

 

10Пачуцці і эмоцыі ў духоўным жыцці

Інфармацыя псіхолага, якую мы толькі што пачулі, важная, але духоўны вопыт і духоўнае жыццё дасць яшчэ больш адказаў.

Над эмоцыямі толкам нельга працаваць, іх можна стрымліваць. Магчыма, калі я навучуся іх стрымліваць, то мне будзе прасцей, а можа нават яны будуць менш праяўляцца, аднак, не заўсёды. Можна проста навучыцца не даваць ім вырывацца.

Зусім інакш з пачуццямі. Іх можна выхоўваць і над імі можна працаваць. Напрыклад, мяне раззлаваў адзін чалавек і я спрабую нешта зрабіць з маімі эмоцыямі. Няма розніцы, што я буду рабіць. Я распазнаў сітуацыю, спрабаваў распазнаць таямнічы код маіх эмоцый, адрокся ад нейкага духа, памаліўся і пасля пайшоў паразмаўляць, а можа схаваўся, а можа пазваў некага на помач. Без розніцы, якімі будуць мае дзеянні. Дапускаем, што яны прынеслі плён і далі вынік. Сітуацыя можа паўтарыцца і я зраблю тое ж самае, або падобнае і даб’юся выніку. Сітуацыя можа паўтарацца шмат разоў і я навучуся з ёй змагацца і нават з часам заўважу, што перажываю ўжо менш гневу. Можа здавацца, што я змяніў свае эмоцыі. Хутчэй за ўсё, не. Я працаваў над пачуццямі. Я працаваў над пачуццём пакоры, спакою, любові і прабачэння. У выніку таго, што мяняліся мае пачуцці, сталі мяняцца і мае некантраляваныя і залежныя ад сітуацый рэакцыі – мае эмоцыі.

Апостал Павел кажа, што мы маем дух, душу і цела. Такім чынам атрымліваецца, што эмоцыі – гэта хутчэй уласцівасць душы і калі Біблія кажа пра “душэўнага чалавека”, то ідзе размова пра таго, хто не ўмее панаваць над сваімі эмоцыямі, ён іх тут жа выкідвае і не збіраецца з гэтым нічога рабіць. І Біблія кажа нам пра “духоўнага чалавека” – гэта той, што развіваецца. Пачуцці з’яўляюцца ўласцівасцю нашага несмяротнага духа.

Ведаю, што многія не раз чулі гэтую тэму і шчыра яе не любяць. Чаму яна такая важная? Таму што Бог сустракаецца з намі ў нашым несмяротным духу, а не ў эмоцыях. Гэта наша сустрэча з Ім часам дакранаецца і цела, і эмоцый, але найперш Ён прамаўляе ў наш дух, там дзе пачуцці. Менавіта таму апостал Павел кажа: Цялеcны ж (душэўны) чалавек не прымае [таго, што] ад Духа Божага. Бо гэта для яго глупства, і ён не можа спазнаць, таму што гэта разумеюць духоўна. (1 Кор 2,14). Тое што нам спадабалася на праслаўленні або ў пілігрымцы аб нечым, канечне, гаворыць, але яшчэ не азначае, што мы сустрэліся з Богам. Таму што Бог прамаўляе ў дух чалавека.

Яшчэ гэтая тэма прысутнічае ў вучэнні Божага слова пра сэрца. Цяжка адназначна сказаць, чым ёсць сэрца паводле Бібліі, але яно, безумоўна, звязана з нашай воляй, выбарам, з нашым несмяротным духам і з пачуццямі. Калі мы кажам, што сэрцу не загадаеш, то ідзе размова выключна пра эмоцыі. Якраз-такі сэрцу, у нейкім сэнсе, можна загадваць. Яго можна зрабіць любячым, або гнілым. Калі Бог наказвае нам любіць, то ідзе размова пра пачуцці і пра выхаванне сэрца, а не пра эмоцыі. Езус кажа, што з сэрца чалавека выходзіць усялякае зло. Сэрца чалавека можна так запусціць у працэсе гніення, што там будуць пачуцці нянавісці, зайздрасці, злосці, нелюбві, крыўды. У выніку існавання гэтых пачуццяў у нас з’яўляюцца тыя, а не іншыя эмоцыі і дзеянні. Вось што выходзіць з сэрца.

Калі я спрабаваў шукаць адказы на нашую тэму ў Бібліі, то заўважыў, што Божае слова дае нам шмат прыкладаў розных эмоцый, але нічога толкам пра іх не кажа. Такое ўражанне, што сапраўды гэта далёка не тая тэрыторыя, на якой мы сустракаемся з Богам. Калі Езус асуджае вучняў за страх, заклікае да веры, наказвае нам любіць і быць міласэрнымі, то ідзе размова не пра эмоцыі, а пра наша сэрца і пачуцці, над якімі можна працаваць. Сэрца – гэта як куфар, у які можна складваць розныя класныя і патрэбныя рэчы, а можна закідаць яго смеццем з інтэрнэту і з жыцця іншых людзей.

 

11Нарэшце нешта практычнае…

Свядома ўжываю слова “нарэшце”, бо мне самому не церпіцца паказаць практычныя рэчы ў нашай тэме. Паспрабую найперш максімальна ўсё растлумачыць, таму што, калі мы не разумеем, то прыходзіць злы і вырывае пасеянае слова, як кажа Езус у прыпавесці пра зерне.

Я часта перажываў дзіўную рэч. Пасля размовы са сваімі некаторымі сябрамі я стаў заўважаць адну і тую ж карціну: яны дзяліліся са мной сваім вопытам, падказвалі, давалі гатовыя рашэнні складаных праблемаў. Я згаджаўся з усімі іх падказкамі. Аднак пасля чарговай сустрэчы я заўважаў, што мне трэба нібы аднаўляцца. Я згаджаўся з усім, а разам з тым, недзе глыбока ўва мне, нешта не згаджалася. І так было пасля кожнай сустрэчы на працягу гадоў. Сваім дзіўным перажыванням я не надаваў асаблівага значэння. І дарма. Калі б я на той час зразумеў, што гэтыя перажыванні паказваюць на патрэбу распазнання сітуацыі, то, магчыма, зразумеў бы ўсё нашмат раней. Так ціха, недзе так глыбока ўва мне адгукалася маё сэрца і Божы голас у ім. Розум мой згаджаўся з сябрамі, эмоцыі таксама, а вось сэрца… Так позна я стаў распазнаваць, што яно ўва мне ёсць. Эмоцыі крыклівыя, яны першымі нагадвалі пра сябе і я іх слухаў, не аналізуючы. Логіка і розум таксама аказаліся крыклівымі. А вось сэрца было ціхім, але настойлівым, паслядоўным. Так дзейнічае Бог. Ён проста паслядоўна робіць сваё і не так гучна, як бы нам хацелася. Сэрца мне падказвала, што я не павінен згаджацца з маімі сябрамі, насуперак меркаванням многіх, або нават і ўсіх. І толькі сёння я разумею, чаму.

Праблема ў тым, што калі ты не ведаеш, хто ты такі, калі не ўпэўнены, калі працівішся праўдзе ўсынаўлення ў Духу Святым, то так лёгка прымаць думкі іншых за свае ўласныя. Калі ты яшчэ не навучыўся цвёрда стаяць на нагах, на падмурку, якім ёсць Езус Хрыстус, то так лёгка слухаць і верыць усім запар. Раней мяне здзіўляла адно назіранне. Ты размаўляеш з чалавекам і разумееш, што праз яго гаворыць іншы чалавек. Часам зразумела, што ён перад табой паспеў з некім паразмаўляць. Я здзіўляўся такой нестабільнасці чалавечай прыроды. А аказалася, што сам так лёгка на гэта магу павесціся.

Капаючыся ў нашай тэме, я са здзіўленнем адкрыў, што даўно ведаў яе, толькі не мог назваць патрэбнымі словамі. Яшчэ калі быў клерыкам і рабіў першыя крокі ў знаёмстве з Духам Святым, я пачуў ад свайго духоўнага настаўніка, што Божае слова трэба адкрываць на каленях. Гэта азначае, што ў цябе няма гатовых адказаў і навучанняў, нават калі ты чытаеш тое самае слова, або гаворыш казанне на тую самую тэму соты раз. Я заўсёды маліўся і стараўся нейкім дзіўным чынам пачуць недзе ўва мне, глыбока-глыбока, тое, што хацеў сказаць Ён. Гэты працэс я называў “павінна легчы на сэрца”. Гэта быў мой жаргон і жаргон многіх. Я і сам толкам не ведаў, пра што ідзе размова, але па-іншаму проста ўжо не мог. Часам мне “клалася на сэрца” калі я маліўся ў капліцы, часам перад чытаннем Евангелля, часам падчас казання. Мяне заўсёды насцярожвала і насцярожвае, калі нехта прасіў мяне сказаць штосьці на тую, альбо на іншую тэму. Я мог сказаць без праблем і нават без падрыхтоўкі, і мог казаць цэлымі гадзінамі. Проста я не ведаў, што будзе ў маім сэрцы. Калі там нічога не “ляжыць”, то я проста не змагу казаць, нават маючы веды. І просьбы людзей тут абсалютна ні пры чым.

Выразным прыкладам таго, аб чым я кажу, з’явілася тое, што давялося адмяніць апошні “Вінаграднік”. Усё банальна і проста – Бог не благаславіў. Ён даў канкрэтны адказ. Мае эмоцыі рваліся наперад і нагадвалі пра людзей, якія чакалі сустрэчы, пра адказнасць, пра планы, пра тое, як давядзецца апраўдвацца і тлумачыць і г.д. Гэта былі эмоцыі: гневу, асуджэння, крыўды, бунту, страху, няверы і сумніваў. Здзіўляла толькі тое, што так ніякая тэма і не “лягла на сэрца”, як гэта было раней. Пасля здзівіла яшчэ адно: недзе там, глыбока-глыбока, я быў згодны з тым, што прыйшлося адмяніць сустрэчу. Але гэта я зразумеў толькі пасля трох дзён, пасля таго, як праляцелі мае коні-эмоцыі, пранесліся галопам, а я пачаў чуць крыху іншы голас.

Нават рыхтуючы гэтую тэму, я адчуў дзіўны неспакой, хваляванне. Хутчэй за ўсё, гэта былі эмоцыі. Распазнаючы, што і да чаго, я ўбачыў, што некаторыя рэчы трэба проста паправіць, перапісаць, убачыў небяспеку псіхалогіі і зразумеў, што трэба прыслухацца да сэрца.

12Ёсць яшчэ адзін голас сэрца. Не маю тут свайго досведу, сустракаўся з ім толькі ўскосна, праз іншых. Бог дае нам шмат абяцанняў, мы чуем іх у Бібліі і часта не звяртаем на іх увагі. Часам такія абяцанні Бог дае нам у сэрца, у наш дух. Гэтае абяцанне яшчэ не споўнілася, няма бачнага выніку, але недзе глыбока ў сэрцы ты маеш перакананне, што трэба паверыць, што ў сапраўднасці ўсё ўжо споўнілася, хоць ты целам яшчэ і не бачыш гэтага. У Бога няма часу. Ён сказаў, і тут жа сталася. Цяжка гэта зразумець. Адной маёй сяброўцы Бог сказаў, што аздараўляе яе ад цяжкой хваробы. Гэтага не было бачна, але яна павінна была насуперак сабе паверыць, што так сталася. І сапраўды, праз нейкі час яна была здаровая.

Калі я гэты нюанс першы раз пачуў на зоне з вуснаў пратэстантаў, то гэта выглядала так. Адзін вязень, будучы яўна хворым, даказваў мне, што яму не патрэбна малітва аб аздараўленні, таму што Бог яго ўжо аздаравіў. Я пытаўся: ты хворы? А ён адказваў: Бог мяне аздаравіў, толькі трэба ў гэта паверыць і вытрываць у веры. Доўгі час мы спрачаліся на гэтую тэму. Для мяне гэта быў крайні пратэстанцкі фундаменталізм, які часта ў тэалогіі называюць “фідэізмам” (толькі вера).

Спадзяюся, што цяпер я хоць бы крыху зразумеў, пра што ідзе размова. Справа не ў тым, каб праз сілу пераконваць сябе, што я здаровы і адмаўляцца ад лекаў. Дарэчы, некаторыя пастыры пяцідзесятнікаў індзейцаў у ЗША пераконваюць сябе, што, беручы ядавітых змеяў у рукі, нічога ім не зашкодзіць, бо так сказаў Хрыстос. І, канечне, рэгулярна нехта там гіне ад укусаў змяі. Паколькі яны і надалей гэтак робяць, гэта азначае, што неяк там чарговую смерць можна растлумачыць. У прынцыпе, усё можна неяк патлумачыць. Але гаворка ідзе не пра самаперакананне, а пра голас Бога ў сэрцы, які заклікае верыць і не сумнявацца. Тая мая сяброўка павінна была паверыць у сваё аздараўленне, таму што ёй гэтую праўду адкрыў Бог. Але гэта не азначае, што так павінны верыць усе хворыя хрысціяне. Гаворка ідзе пра голас сэрца, які заклікае да веры канкрэтнага чалавека. Гэта даволі ўнікальны духоўны досвед, а не правіла.

 

ЭПІЛОГ

 

Напэўна, самая вялікая наша праблема не столькі ў тым, што мы не ведаем таго, ці іншага, не разбіраемся ў пачуццях і эмоцыях, а ў тым, што няма ў нас рэгулярнай працы. Нам няма часу на малітву, мы не вытрымліваем самотнасці, не хочам чытаць, цікавіцца, шукаць. Мы чакаем ад іншых цудаў і гатовых рашэнняў. Наша ж тэма вымагае найперш працы і часу. Пры жаданні больш інфармацыі можна знайсці, запытацца ў Бога альбо ў людзей. Але трэба шукаць, і, што яшчэ цяжэй, пасля штосьці з гэтым рабіць. Распазнанне ў сферы эмоцый, пачуццяў і сэрца патрабуе ад нас нашага асабістага намагання.