вінград

Прыпавесць пра вінаградную лазу мае шмат нюансаў. З аднаго боку, гэта навучанне пра тое, што Бог чакае ад нас плёну, а з іншага боку, гэта навучанне пра тое, як нам трываць у Хрысце і як не забыцца, што прабыванне ў Ім вельмі важнае. Спадзяюся, што тэма апошняга «Вінаградніку» для многіх будзе благаслаўлёнай.

 

 

Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

(Яна 15,1-8)

Сапраўдная вінаградная лаза

Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.

Езус называе сябе сапраўднай вінаграднай лазой. Падобная думка гучыць таксама на пачатку Евангелля ад Яна, дзе Божы Сын названы «праўдзівым святлом» (Ян 1,9). Гэтыя два ўрыўкі падштурхоўваюць да думкі, што ёсць таксама і непраўдзівае святло або лаза, ёсць падман. Зрэшты, Евангелле не адзін раз кажа пра ілжэпрарокаў, якія з'яўляюцца на фоне сапраўдных прарокаў. Чым ёсць гэты фальш і як яго адрозніць ад Божай праўды?

Бог кажа: Мои мысли - не ваши мысли, ни ваши пути – пути Мои (Іс 55,8). Нашыя думкі, спосаб жыцця і погляды далёка не заўсёды згодныя з Божымі думкамі. Усё залежыць ад таго, каго мы слухаем. Мы можам некрытычна прымаць погляды нашых продкаў, бацькоў, пэўную культуру, мы слухаем сяброў, шмат часу праводзім у інтэрнэце, перад тэлевізарам і г.д. Усё гэта ўплывае на нас і кшталтуе нашыя погляды і перакананні. Вельмі часта мы нават не ведаем, адкуль у нас тыя ці іншыя перакананні, чаму мы так, а не інакш думаем. Біблія ўвесь гэты працэс, вобразана кажучы, называе голасам «гэтага свету»:

І сказаў ім: «Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету (Ян 8,23).

Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце. Дзеці, вы ад Бога, таму перамаглі іх, бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце. Яны са свету, таму і гавораць так, як свет, і свет слухае іх (1 Ян 4,1.4-5).

Калі мы гадамі некрытычна ўсім падрад «насычаемся», усяму верым, слухаем «гэты свет», то нічога дзіўнага, што нашыя думкі часта радыкальна адрозніваюцца ад думак Божых. І нічога дзіўнага, што мы можам прыляпіцца не да сапраўднай вінаграднай лазы.paper1

Паспрабую паказаць гэтую тэму на некаторых прыкладах.

Сярод святароў часта чую бытавыя думкі пра матэрыяльнае забеспячэнне. Як захаваць грошы? Як здабываць грошы, каб хапіла на абагрэў касцёла, на гады наперад? Што зрабіць, каб была пенсія і каб ні ад каго не залежыць у старасці і г.д.? Некага пачынаюць спакушаць думкі пра банкі, фірмы, бізнэс. Нібыта ўсё гэта і зразумела, а часам можа нават і апраўдана. Вось толькі чые гэта думкі? Напэўна, не Таго, хто казаў не клапаціцца пра заўтрашні дзень (Мц 6,25-34) і не Таго, хто казаў: не можаце служыць Богу і мамоне. Думкі лагічныя, апраўданыя, але думкі мірскія, гэтага свету. Гэтак жа і многія грандыёзныя касцёльныя праекты, звязаныя з будоўляю, бюракратыяй, навукай. З усімі плюсамі гэтых праектаў, за імі вельмі часта крыюцца чалавечыя амбіцыі і голас гэтага свету. Мы можам узводзіць для Бога цудоўныя базілікі, ды толькі Ён нас аб гэтым не прасіў. Мы можам выдумаць шмат малітваў і набажэнстваў, складаць Яму ахвяры і пасты. Вось толькі гучыць тое ж пытанне: ці Ён прасіў нас аб гэтым? Думаю, многім з нас не зашкодзіць час ад часу разважаць над словамі прарока Ісаі: 

Слушайте слово Господне, князья Содомские; внимай закону Бога нашего, народ Гоморрский! К чему Мне множество жертв ваших? говорит Господь. Я пресыщен всесожжениями овнов и туком откормленного скота, и крови тельцов и агнцев и козлов не хочу. Когда вы приходите являться пред лице Мое, кто требует от вас, чтобы вы топтали дворы Мои? Не носите больше даров тщетных: курение отвратительно для Меня; новомесячий и суббот, праздничных собраний не могу терпеть: беззаконие - и празднование! Новомесячия ваши и праздники ваши ненавидит душа Моя: они бремя для Меня; Мне тяжело нести их. И когда вы простираете руки ваши, Я закрываю от вас очи Мои; и когда вы умножаете моления ваши, Я не слышу: ваши руки полны крови (Іс 1,10-15).

Прыклады можна прыводзіць бясконца. Многія, напрыклад, чулі, што ў нядзелю нельга браць у рукі нажніцы. Гэта напісана ў Евангеллі, у дакументах Касцёла? Не, гэта сказала любімая бабуля. І нават калі ты разумееш, што можа не да канца тут праўда, то ўнутрана адчуваеш нейкі неспакой. Чаму? Бо столькі гадоў ты гэта слухаў і прымаў. Па той самай логіцы многія католікі з Гарадзеншчыны верна спавядаюцца раз у год на Вялікдзень і раз у год з’яўляюцца ў касцёле. Проста ім нехта некалі так сказаў – абавязкова быць на Вялікдзень.

Або возьмем некаторыя прыклады надзвычайныя, г.зв. «харызматычныя». Напрыклад, часта чую (і сам так раней казаў): мяне разбудзіў анёл. Адкуль такая інфармацыя і ўпэўненасць? Проста некалі нехта так сказаў, а я, як губка, бескрытычна ўпітаў. Тое самае можна сказаць пра «падзенне ў  Духу Святым». З аднаго боку, ёсць такі духоўны вопыт і перажыванне (дастаткова пачытаць перажыванні прарока Данііла падчас аб’яўлення Бога), а з іншага боку, ёсць і эмацыйная нестабільнасць, стома, уражлівасць, слабасць, жаданне нешта асаблівае перажыць і г.д. Чаму кожнае падзенне на малітоўнай сустрэчы мы называем «падзеннем у Духу»? Таму што некалі так нехта назваў. Нешта падобнае і з гэтак званымі «радавымі праклёнамі». З аднаго боку, мы разумеем, што ёсць віна за грэх, якую Бог змывае праз пакаянне, але ёсць таксама наступствы граху, якія не знікаюць ні пасля споведзі, ні пасля прынятай Святой Камуніі. Мы гэта бачым у жыцці, а таксама прымаем навуку Касцёла пра адпусты (датычаць наступстваў граху). Такім чынам, ёсць канкрэтныя і намацальныя наступствы нашых грахоў і грахоў нашых продкаў. Лічу, што нешчаслівая назва ўжываецца для гэтай духоўнай рэчаіснасці. Слова «радавыя праклёны» добра было б замяніць іншым паняццем. Так ці інакш, узгаданая рэчаіснасць існуе. Аднак хто сказаў, што ўсе нашыя праблемы ад радавых праклёнаў? Як жа лёгка сюды ўсё ўпіхнуць: гэта радавое, трэба каб нехта асаблівы (напрыклад, экзарцыст) памаліўся… Разумею, што з аднаго боку, гэта тэма існуе ў духоўнай рэчаіснасці, але з іншага боку, людзкіх поглядаў і суджэнняў тут яшчэ больш.

2Такім чынам, мы маем шмат магчымасцяў заблытацца і не пачуць, дзе гучыць голас Нашага Пастыра і дзе сапраўдная вінаградная лаза. Зводзіць нас могуць не толькі погляды людзей няверуючых, але таксама выказванні духоўна аўтарытэтных людзей, а нават містыкаў, святых і цэлых пакаленняў.

Як ва ўсім гэтым разабрацца? Найперш трэба дасканала ведаць, што казаў Езус, як паказана дадзеная тэма ў Бібліі і што кажа афіцыйнае вучэнне Касцёла (маю на ўвазе Саборы і дакументы Касцёла, а не выказванні таго ці іншага святара). Калі гэтае пытанне не раскрыта, то як мінімум захаваць асцярожнасць і не рабіць хуткіх высноваў. Важна ўмець сказаць сабе, што я нечага не ведаю, не разумею і проста не маю пакуль што адказу. Прыняць чалавечыя погляды лёгка, але не так лёгка пасля ад іх адмовіцца. У выніку паўстае шмат спрэчак і ёсць раздолле для чалавечай пыхі і амбіцый. А ўсё таму, што ў свой час павяліся на людзкія думкі і думкі гэтага свету, не ведаючы, што кажа Езус.

Доўгі час я быў перакананы, што можа праяўляцца дар смеху падчас харызматычнай малітвы. Аднойчы я ўзгадаў гэты пра гэты «дар» больш вопытнаму веруючаму. Ён здзівіўся і спытаў, адкуль у мяне такая інфармацыя, дзе я пра гэта пачуў. І тут я ясна зразумеў, што ні ў Бібліі, ні ў вучэнні Касцёла нічога няма на гэтую тэму. Адкуль я набраўся? Проста недзе пачуў, паверыў і стаў бескрытычна паўтараць. Так гэта дзейнічае.

Часам сустракаецца, што веруючыя ўсё адкідваюць, усё, што пачуюць для іх невядомае ў сферы веры. Гэта іншая крайнасць. Важна навучыцца не быць наіўным і не прымаць усяго запар, але, разам з тым, важна разумець, што ў духоўным жыцці ёсць шмат рэчаў нам невядомых і трэба старацца не быць адназначным і суджэннях. Для таго, каб ва ўсім гэтым разабрацца, трэба сапраўды вельмі добра ведаць Біблію і вучэнне Касцёла. Інакш мы проста не пазнаем сапраўдную вінаградную лазу.

 

Працэс абразання

Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў.

3Евангелле кажа нам, што Айцец ачышчае вінаградную лазу. Некаторыя даследчыкі Бібліі звяртаюць увагу на тое, што ідзе размова пра абразанне галінак, аднак апостал Ян выкарыстоўвае слова «ачышчае» для таго, каб паказаць важнасць духоўнага працэсу ачышчэння. Вобраз абразання галінак узяты з прыроды. Зразумела, што калі галінкі куста ці дрэва не абразаць, то яно перастане развівацца і з цягам часу здзічэе. Калі абразаюць галінкі, то расліна пускае свае сокі на новыя галінкі. Можна сказаць, што яна мабілізуе свае сілы на тое, што новае. Прычым абразаць трэба як сухія галінкі, так і жывыя.

Гэты вобраз, узяты з прыроды, выкарыстоўвае Езус у сваім навучанні. Заўважце, што ідзе размова пра вінаград не сухі, а той, які прыносіць плён. Абразанне трэба для таго, каб плён быў яшчэ большы. Часам мы задаем пытанне, чаму Бог нас так выпрабоўвае, чаму забірае і тое, і гэта. Нам хочацца сказаць, што ў некага ў жыцці нашмат страшней, чым у нас, што са мной не так і дрэнна, у параўнанні да іншых. Але працэс ачышчэння і абразання адбываецца не ў безнадзейных выпадках. Сухія дрэвы, як вучыў Езус, ссякаюць і кідаюць у агонь. Абразанне і ачышчэнне датычыць жывога дрэва, з якім не ўсё так кепска, ад якога ёсць нейкая карысць. Абразаць жа трэба для таго, каб карысць была яшчэ большай.

Яшчэ адзін нюанс. Многія расліны нельга абразаць зашмат. Яны гэтага не перанясуць (напрыклад, туі). Трэба абразаць паступова, год за годам. Не магу сказаць, што гэты прынцып датычыць таксама вінаграднай лазы, аднак хачу звярнуць увагу на гэты вобраз. Бог ніколі не забірае ад нас усё шкоднае і адразу. Ён робіць гэта крок за крокам, год за годам, разбураючы нашых чарговых ідалаў і абразаючы сухія і бясплодныя галінкі. Напрыклад, нейкі час таму я не бачыў ніякай праблемы ў фільмах жахаў ці ў містычных трыллерах. На сённяшні дзень мне цяжка нешта знайсці ў інтэрнэце або нешта з фільмаў, што мог бы праглядзець са спакойнай душой. Вельмі часта адчуваю, што гэта не тое, што мне трэба. А калі нават і здараецца нешта глядзець, то пасля павінен сустрэцца з большым ці меншым пачуццём віны. Так сталася ў выніку многіх «абразанняў», якія рабіў Бог у маім жыцці. Я перакананы, што іх будзе яшчэ больш, а можа нават нашмат больш, пакуль не ўпадуць усе ідалы.

Гэты працэс абразання, расцягнуты ў часе, датычыць многіх сфераў – інтэрнэту, кнігаў, поглядаў, сяброў, рэлігійных перакананняў і г.д.

Часам людзі пытаюцца, ці можна глядзець серыялы пра вампіраў, чытаць Гары Потэра, што рабіць з hello kitty, чым дрэнная йога ці акупунтура і г.д. На многія з гэтых пытанняў няма адназначнага адказу. Няма яснага адказу ў Бібліі, няма ў навуцы Касцёла. Ёсць вопыт веруючых. Ён можа быць праўдзівым, а часам не. І хоць я асабіста перакананы, што ўсе гэтыя штукі маюць негатыўныя духоўныя наступствы, а часам і вельмі страшныя, то пераканаць чалавека аргументамі часта вельмі складана. Калі ў жыцці чалавека адбываецца духоўны працэс ачышчэння і абразання, калі ён сам дазваляе Богу рабіць гэта, то з цягам часу такі чалавек зразумее, што шкодзіць ягонаму духоўнаму жыццю. Калі ж гэтага працэсу няма, то перакананні і размовы часта не даюць ніякага выніку, а даводзяць толькі да непаразуменняў і спрэчак. Менавіта таму, калі я чую чарговае пытанне, то вагаюся, як адказваць і як даказваць. З аднаго боку, хочацца казаць проста пра свой вопыт, а з іншага боку, разумееш, што без працэсу «абразання» чалавек проста нічога не прыме.

Працэс «абразання» і ачышчэння вядзе да таго, каб быць здольным прыняць усё новае, што хоча даць Бог. Ідзе размова пра абнаўленне ў Духу Святым. Езус не выпадкова навучае, што новае віно можна ўліваць толькі ў новыя мяхі. У іншым выпадку нічога не атрымаецца. Без «абразання» ўсё тое новае, што дае Дух Святы, я проста не змагу ў сабе змясціць.

 

4Абразанне праз Слова

Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам.

Ачышчэнне-абразанне адбываецца праз Божае Слова. Перш за ўсё Божае Слова, а асабліва Евангелле, дае пазнаць нам думкі Божага Сэрца. Не выпадкова св. Геранім пісаў: хто не ведае Евангелля, той не ведае Хрыста. Без ведаў Евангелля мы проста пачынаем ствараць «уласнага Бога». Бог стварыў чалавека на Свой вобраз і падабенства, а мы пачынаем адказваць Яму тым жа самым: ствараем бога па-нашаму вобразу і падабенству. Без элементарных ведаў Евангелля немагчыма быць хрысціянінам. Больш за тое, трэба не толькі ведаць, але быць верным вучэнню Хрыста, старацца спаўняць у жыцці Яго вучэнне. Гэта элементарна проста! Камуністы чыталі працы Леніна і стараліся жыць згодна з ідэяй камунізма, хімікі чытаюць кнігі па хіміі, спартсмены таксама чытаюць, а пасля вымагаюць ад сябе канкрэтных дзеянняў. Вось толькі хрысціяне часта чамусьці хочуць належаць да Хрыста, не ведаючы Яго вучэння і не выконваючы Яго Слова. Думаю, што мы ў гэтай логіцы, бадай што, адзіны гатунак, да болю лянівы і наіўны! Мы ўсё больш любім сачыняць, разважаць і марыць. Замест таго, каб проста ведаць Яго Слова і патрабаваць ад сябе выконваць Яго.

Такім чынам, без Яго Слова, не можа адбывацца працэс ачышчэння-абразання. Гэта будуць толькі ілюзіі! Аднак не толькі пра веды ідзе размова. Раней мне здавалася, што пратэстанты ўвесь час звяртаюць увагу на Біблію, бо ў духоўным плане нічога больш не маюць. Чамусьці, я думаў, што нам, каталікам, гэта важна, але не настолькі. Цяпер разумею, што мы часта недаацэньваем, чым ёсць Яго Слова. Адзін святар некалі сказаў мне, што Слова Бога мае сілу. Што гэта значыць? Заўважце, што Езус адбівае спакусы злога толькі цытатамі Божага Слова (Мц 4,1-11). Ён кажа, што чалавек будзе жыць Словам, якое паходзіць з вуснаў Божых (Мц 4,4). Заўважце, будзе жыць! Ідзе размова не пра асаблівыя малітвы, не пра нейкія містычныя перажыванні, не пра хрысціянскіх лідараў, экзарцыстаў, хрысціянскую культуру і г.д. Ідзе размова пра тое, што чалавека ажыўляе Слова Божае. Не хачу сказаць, што ўсё іншае няважнае. Але хачу тут падкрэсліць, што мы прапусцілі і прапускаем нешта вельмі-вельмі важнае.

Важнасць Божага Слова мы бачым не толькі ў змаганні Хрыста на пустыні. Езус спасылаецца на Стары Запавет на працягу ўсяго свайго вучэння: нагорная пропаведзь, спрэчкі з фарысеямі, размовы з вучнямі і г.д. Няўжо Ён, Божы Сын, не мог сказаць, як Яму хацелася, па-новаму, зусім па-новаму? Я ўпэўнены, што калі Езус выганяў дэманаў адным простым словам «выйдзі», то мог бы і спакусы на пустыні адкінуць тым жа словам. Аднак Ён цытуе Слова. Чаму? Каб паказаць нам сілу гэтага Слова.

Паколькі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, спадабалася Богу праз глупства прапаведавання збавіць веруючых (1 Кар 1,21).

 

Прабываць у Ім

Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць.

У Старым Запавеце сустракаецца вобраз вінаграднай лазы, толькі там яна сімвалізуе Выбраны Народ (Іс 5,1-7), а ў Новым Запавеце Езус сам сябе называе вінаграднай лазой. У чым розніца? Не замахваюся на сур’ёзныя багаслоўскія высновы, проста хачу падзяліцца сваёй думкай. Народ сам па сабе не змог вытрываць у вернасці Богу. Такія наступствы граху. Самі па сабе, абапіраючыся толькі на ўласныя сілы, мы не можам быць праведнымі. Пытанне толькі ў тым, як хутка мы гэта зразумеем. Езус не выпадкова кажа, што без Яго мы нічога не можам. Менавіта таму Ён прыходзіць у гэты свет. Каб быць з намі, каб мы маглі вытрываць, нібы прылепленыя да Яго, як галінкі да ствала. І калі Ісая кажа пра тое, што без агароджы вінаграднік будзе знішчаны, то, у выпадку Новага Запавету, ніякі вораг і ніякі звер не можа адолець вінаграднік, якім ёсць сам Божы Сын. Ён з’яўляецца гарантам бяспекі для галінак. Без Яго галінкі проста будуць сохнуць і гарэць.

5Спадзяюся, гэтая розніца бачная. Многія ж вернікі і надалей хочуць самі быць дасканалай вінаграднай лазой для Бога, як гэта было ў Старым Запавеце. Яны стараюцца, шмат патрабуюць ад сябе і ад іншых, не могуць сабе прабачыць памылак, усё хочуць рабіць сваімі сіламі, хочуць для Бога нешта зрабіць, быць праведнымі і дасканалымі не ў Ім, а нібыта каля Яго. Часта гэта не атрымліваецца і прыходзіць агромністае расчараванне самім сабой, бо немагчыма зрабіць сябе дасканалым і самому збавіцца ўласнымі сіламі. Іншы вобраз, характэрны для Новага Запавету. Хрыстос прыйшоў у наш свет для таго, каб мы маглі трываць у Ім. Гэта не праведнасць каля Бога, а праведнасць у Ім. Ён сам чыніць нас праведнымі пры ўмове, што мы трываем у Ім, што мы паслухмяныя Яму.

Як гэтае прабыванне ў Ім адбываецца на практыцы? Мы ўжо разважалі пра вернасць Яго Слову. Гэта адзін з элементаў трывання ў Ім. Іншы элемент – шчырае і глыбокае пакаянне. Яшчэ іншы – Эўхарыстыя і Святая Камунія. Вельмі часта я кажу людзям, што калі мы прапускаем Святую Імшу, калі не прымаем Святую Камунію, то, як правіла, не трываем у Ім. Калі не прымаем Яго благаслаўлення (напрыклад, напрыканцы Імшы), то застаемся кінутыя на ўласныя сілы, нібы галінка сама па сабе, аддзеленая ад вінаграднай лазы. Грэх аддзяляе ад Бога, і без пакаяння мы таксама па-за Ім. Пачаткам нашых бедаў ёсць не магія і не ведзьмы, а нашыя ўласныя грахі, адсутнасць пакаяння, адсутнасць вернасці Яго Слову, адсутнасць Эўхарыстыі і належнай веры. Усё гэта вядзе да аддзялення ад Вінаграднай Лазы.

Гэтую розніцу – прабываць каля Яго і прабываць у Ім – хачу паказаць на прыкладзе адной гісторыі. Адзін вязень пачаў перажываць навяртанне. Ён стаў хадзіць на малітвы, стаў спавядацца, аднак, нягледзячы на яго старанні, ён не мог пазбыцца сваіх старых грахоў, а асабліва свайго гневу і агрэсіі. Ён перажываў, спрабаваў нешта рабіць, аднак, гнеў нібы панаваў над ім. Аднойчы ён распавёў мне дзіўную гісторыю. Ён займаўся спортам, асабліва настольным тэнісам, і яму не было роўных. Ён амаль заўсёды ва ўсіх выігрываў. Калі ж здаралася, што ён прайграваў, то гнеў так авалодваў ім, што ён біў кулакамі ў сцяну, кідаўся ракеткамі і ламаў сталы. А вось пасля апошняй гульні, калі ён нечакана прайграў, ён не раззлаваўся, а наадварот, быў шчаслівы, што яго абыгралі. Ён падзякаваў свайму праціўніку, парадаваўся за яго і нават запрасіў яго на гарбату і пачастунак. Распавядаючы гэтую гісторыю, ён быў уражаны тым, што з ім такое здарылася ўпершыню. Ён ніколі так не паводзіў сябе ў падобных сітуацыях. Склалася такое ўражанне, што напрыканцы матчу ён не быў самім сабой. Гісторыя даволі простая, але я сказаў яму, што ў ягоным жыцці з’явіўся выдатны прыклад таго, чым ёсць ласка Божая: гэта – калі не ты нешта робіш для Бога, а Бог – у табе. Нібыта ў табе пацяклі іншыя, новыя сокі, іншыя думкі, пачуцці, прагненні, погляды. Вось так галінка пачынае жыць у вінаграднай лазе.

 

Пазбываючыся ілюзій

Многім здаецца, што калі цябе хрысцілі, калі ты верна выконваеш усе запаведзі, калі з’яўляешся католікам, хрысціянінам, то гэтага і дастаткова, каб прыналежыць да вінаграднай лазы. Не, не дастаткова. Можна належыць да лазы, але быць сухой галінкай. Можна належыць фізічна, намінальна, юрыдычна, аднак галінка можа не мець у сабе сокаў, якія яе ажыўляюць, і такая галінка не прынясе чаканага плёну. Што ёсць гэтым плёнам? Асмелюся сказаць, што гаворка тут ідзе не толькі пра добрыя ўчынкі, але найперш пра прысутнасць і адкрытасць на Духа Святога. Ён і ёсць плёнам. Гэта Ён нас ажыўляе, калі мы трываем у Слове Бога, у Эўхарыстыі, у пакаянні.