1Колькі запаведзяў Божых у Новым Запавеце? Ці мае сэнс разважаць пра найважнейшую запаведзь? Чаму так шмат залежыць ад гэтай, да болю банальнай тэмы любові?

Магчыма, для многіх нашая тэма не адкрые нічога новага, але Госпад паказвае, што без разумення гэтай тэмы вернік проста стаіць на месцы…фоцік на анонс

 

 

На ўсё свой час

Да таго, як заглыбіцца ў нашую тэму, вельмі важна зразумець, што ў жыцці чалавека існуе паняцце дынамікі. Немагчыма вывучаць матэрыял пятага курсу ва ўніверсітэце, не прайшоўшы папярэдне першыя чатыры. Немагчыма ў спорце дасягнуць нейкіх вынікаў, не ходзячы гадамі на трэніроўкі. Карацей, немагчыма зрабіць крок “Б”, не зрабіўшы да таго крок “А”. Нашыя веды, фантазіі, мары… Усяго гэтага не дастаткова. Проста неабходна зрабіць адпаведныя крокі, а не толькі ведаць, што іх трэба рабіць.

Тое ж самае адбываецца і ў духоўным жыцці. Асабіста я назіраю сярод вернікаў вельмі распаўсюджаную памылку. Мы, пачуўшы пра вялікія духоўныя рэчы, пачынаем кідацца на іх, не зрабіўшы да таго элементарных крокаў. А потым з гэтай прычыны нараджаецца шмат памылак, расчараванняў, ілюзій. У Бога на ўсё ёсць адпаведны час.

Апостал Павел кажа: “І я, браты, не мог прамаўляць да вас як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце. Я карміў вас малаком, а не цвёрдай ежай, бо вы яшчэ не маглі, ды і цяпер яшчэ не можаце, таму што вы яшчэ цялесныя. Калі сярод вас ёсць зайздрасць і спрэчкі, ці ж не цялесныя вы?” (1 Кар 3,1-3).2

Апостал Павел падкрэслівае: вы былі, ды і надалей застаецеся цялеснымі, а не духоўнымі. Нічога не змянілася. Былі размовы, было навучанне, былі пастановы, прайшоў час, але ўсё засталося на сваіх месцах. Нічога не змянілася….

Гэты тэкст паказвае нам, што змены даюцца не так лёгка. Аднаго парыву ці жадання нам часта не хапае. Трэба выканаць адпаведную працу і толькі пасля зрабіць адпаведны крок.

Езус вучыў вучняў, што некаторыя справы яны не могуць прыняць, але прымуць іх пасля таго, як прыйдзе Дух Святы. Ідзе размова не толькі пра дзеянне Духа Святога, але пра тое, што вучні павінны яшчэ шмат праз што прайсці – праз расчараванне, здраду, смерць і Ўваскрашэнне Езуса. Усе гэтыя этапы – гэта чарговыя крокі. Езус кажа Пятру: “Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля” (Ян 13,7). Зрэшты, сам Езус перш чым пачне сваю публічную дзейнасць, павінен быў 30 гадоў проста жыць у Назарэце і рыхтавацца да сваёй місіі. А пасля на самым пачатку павінен быў перажыць барацьбу з сатаной. Таксама ўся біблійная гісторыя паказвае нам чарговыя крокі. Часта мы, напрыклад, не разумеем жорсткасці Старога Запавету, таму што не разумеем, што на той час па-іншаму Бог проста не мог рабіць. Чалавека проста трэба было нібы змусіць рабіць правільныя крокі, а не ставіць яго перад выбарам – падумай, паразважай і зрабі як хочаш…

Такім чынам, дынаміка і працэс з’яўляюцца неад’емнай часткай духоўнага жыцця. Адкінуць гэтую праўду – значыць, адкінуць духоўны рост.

Вось чаму першыя хрысціяне так насцярожана ставіліся да тых, хто перажываў навяртанне, да нэафітаў. Гэтыя людзі былі шчырымі, гарачымі, прымалі смелыя рашэнні, але потым да іх часта прыходзілі вялікія расчараванні і падзенні. Трэба было рабіць паступовыя крокі, на што патрэбны быў час і высілак, а не кідацца з голымі грудзьмі на амбразуру. Менавіта таму “свежыя і гарачыя” новыя хрысціяне не маглі быць біскупамі, не маглі спаўняць адказных паслугаў і нават не маглі даваць Богу абяцання жыцця ў самотнасці (удовы, дзевы).

Калі я распачаў сваё манаскае жыццё, наш выхаваўца (магістр навіцыяту) катэгарычна забараняў нам чытаць каталіцкіх містыкаў, такіх як Ян ад Крыжа і Тэрэса Авільская. Мяне гэтыя тэмы тады не цікавілі, таму і забарона не надта кранала, але здзіўляла, як многія мае браты абураліся, што ім не дазваляюць чытаць такую важную літаратуру. Толькі з гадамі святарства я пачаў разумець, што такую літаратуру мы і блізка тады яшчэ не маглі ўспрымаць. Многія пражывуць усё жыццё і, чытаючы св. Яна ад Крыжа, так і не зразумеюць, пра што ідзе там гаворка, а ў амбіцыях будуць шукаць у сабе містыка. І пытанне тут нават не ва ўзросце, а ў тым, ці робім мы адпаведныя крокі ў духоўным жыцці.

Разуменне праўды пра тое, што ў духоўным жыцці трэба праходзіць этап за этапам, вельмі неабходная для нашай тэмы. Тэма Божых запаведзяў далёка не атракцыйная і не такая цікавая. Можна было б знайсці тэмы больш папулярныя і больш “рэкламныя”, аднак Госпад паказаў (прымаю гэта ў веры), што без поўнага прыняцця гэтай тэмы проста немагчыма ісці далей. Не выключана, што многія з вас чулі яе не раз, для некага тут нічога новага не будзе, але веру таксама, што без разумення нашай тэмы ўсё іншае будзе падманам. І таму яна проста неабходная.

 

3Што гэта такое – запаведзі?

Слова “запаведзі” даслоўна азначае наказ, прыказанне. У Бібліі гэтае слова ўжываецца ў розных значэннях.

Дзесяць запаведзяў. Перш за ўсё гаворка ідзе пра запаведзі, якія Бог даў Майсею, вядомыя нам як “дзесяць запаведзяў”. Калі добра разабрацца, то іх насамрэч не зусім і дзесяць. Напрыклад, чытаем пра запаведзь павагі да бацькоў. А ў Торы Майсея гаворка ідзе пра вялікую колькасць нюансаў: што гэта значыць – шанаваць бацькоў. І, тым не менш, трохі нават сімвалічна, мы кажам пра дзесяць запаведзяў.

Запаведзі чалавечыя. Гэтая тэма часта гучыць у Евангеллі. Напрыклад, ёсць запаведзь шанавання шабату, але габрэі з гадамі самі дадалі шмат дадаткаў да гэтай запаведзі. Часам гэтыя “дадаткі” станавіліся настолькі моцнымі, што закрывалі сабой Божыя наказы: Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю (Мк 7,9). Думаю, што гэтая тэма – чалавечых запаведзяў – вельмі актуальная для нас і сёння. У іншым месцы Езус паказвае, што ёсць запаведзь Божая, а ёсць рашэнні Майсея больш ці менш апраўданыя: “Майсей праз упартасць вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было” (Мц 19,8).

Вучэнне Езуса. У Евангеллі часта гучыць наказ быць верным запаведзям Хрыста. Ад гэтай вернасці шмат чаго залежыць. Тым не менш, мы нідзе не сустракаем лічбы гэтых запаведзяў. Езус каментуе дзесяць запаведзяў Старога Запавету, але не ўсе. Некаторыя даследчыкі Бібліі нібы праз сілу спрабуюць знайсці, як Езус выказваецца на тэму кожнай запаведзі з дзесяці, або шукаюць, што Ён новага ў іх дадае. Гэтыя тэорыі даследчыкаў не надта апраўдваюцца, паколькі Езус, хаця і каментуе дзесяць запаведзяў, аднак у гэтым вучэнні няма выразнай сістэмы, там практычна не гучыць лічба “дзесяць”. Апроч таго, Езус дае шмат наказаў, пра якія не кажа Тора Майсея. Такім чынам, многія біблісты схіляюцца да таго, што запаведзі Новага Запавету – гэта ўсё вучэнне Хрыста адносна маралі і этыкі. Нехта палічыў, што гэтых запаведзяў больш за тысячу!

Новая запаведзь. Асабліва трэба нам звярнуць увагу на словы Хрыста: Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго (Ян 13,34-35); Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго (Ян 15,12.17). З аднаго боку, запаведзь любові да чалавека не з’яўляецца новай, бо яна гучала і ў Старым Запавеце. Напэўна навізна яе ў тым, што Езус сам даў прыклад, як трэба любіць, а таксама ў тым, што запаведзь любові гучыць з вуснаў Езуса як самая галоўная.

Менавіта запаведзі любові нам трэба ўдзяліць найбольшую ўвагу. Гаворка тут ідзе менавіта пра той крок, без якога не атрымаюцца іншыя. Бо калі мы не зразумеем гэтай тэмы і не зробім гэты асноўны крок, а кінемся на больш атракцыйныя тэмы (харызматы, экзарцызмы, містыка, прыватныя аб’яўленні), то ў сваім духоўным жыцці будзем увесь час спатыкацца і вяртацца на “лінію старту”.

 

Запаведзь найбольшая4

Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся ў Езуса: «Якая запаведзь першая з усіх?» Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя». І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні». Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага» (Мк 12, 28-34).

Канечне, можна было б задаць пытанне, ці мае сэнс цікавіцца, якая запаведзь найбольшая, асабліва нам, ведаючы, што Езус даў больш за 1000 наказаў. Тым не менш, заўважце, што Езус адказвае на гэтае пытанне. Ён выдзяляе запаведзь любові Бога і чалавека сярод усіх іншых. А кніжніку кажа, што той недалёка ад Божага Валадарства. Згадзіцеся, што не многія пачулі такія словы з вуснаў Божага Сына. Таксама тыя, хто лічылі сябе праведнікамі і верна выконвалі Закон Майсея не пачулі такой пахвалы ад Бога. Некаторыя багасловы задумваюцца, што значыць “недалёка”. Думаю, што ідзе размова перш за ўсё пра тое, што гэты чалавек выбраў добры напрамак. Стары Запавет не кажа выразна пра самыя важныя запаведзі. Значыць, гэты кніжнік ў сваім духоўным жыцці (магчыма, з дапамогай іншых) даходзіць да пераканання, што ўсё пачынаецца з любові да Бога і чалавека. Ідзе размова не пра веды гэтага кніжніка, а пра яго духоўны досвед, пра глыбокія ўнутраныя перакананні. Перад намі чалавек, які дазволіў Богу пераконваць і мяняць сябе. Ён выбраў добры і правільны напрамак. Яшчэ шмат чаго яго чакае наперадзе, але першы крок, ці адзін з першых, зроблены. Гаворачы Евангельскай прыпавесцю, ён пачаў будаваць свой дом на скале.

Паказваючы важнасць і адметнасць гэтай запаведзі, Езус кажа: На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі (Мц 22,40). Словы “Закон і Прарокі” азначаюць, што ідзе гаворка пра ўвесь Стары Запавет, дзе Пяцікніжжа Майсея (Тора) і прарочыя кнігі складаюць асноўную частку. Такім чынам, вернасць Старому Запавету вынікае з вернасці гэтай запаведзі.

Цікава тое, што ў Новым Запавеце гучыць тая самая логіка: Запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў гэтай адной: любі бліжняга твайго, як самога сябе. Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону (Рым 13, 9-10). Ідучы за гэтай думкай Апостала Паўла, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла апрацавалі такім чынам, што навука пра тры першыя запаведзі Божыя месціцца ў межах запаведзі “любі Бога”, а наступныя сем запаведзяў – у межах запаведзі “любі чалавека”. Такім чынам запаведзь любові Бога і чалавека з’яўляецца падмуркам для Старога і Новага Запаветаў. Усё з яе пачынаецца.

Апостал Ян кажа нам, што запаведзь любові – гэта старая і добравядомая запаведзь, а адначасна і новая (1 Ян 2, 7-10). Наказ любіць Бога быў для габрэяў добра вядомы і важны. Гэты наказ з кнігі Другазаконня (6,4-5) вернікі ведалі напамяць, але Езус дабаўляе запаведзь любові да чалавека з кнігі Левіт (19,18). Такім чынам сваім Божым аўтарытэтам Ён дапаўняе, ці нават удасканальвае галоўную для габрэяў запаведзь, робячы яе адначасна старой і новай.

 

5Памятаць пра запаведзь любові

Некаторыя звяртаюць увагу, што найважнейшая запаведзь пачынаецца не са слова “любі”, але са слова “слухай”. Чаму? Бо найперш трэба праявіць засяроджанасць, не прапусціць аўтарытэт Божага Слова міма вушэй. Можна слухаць шмат інфармацыі, але не ўзяць нічога. Езус перасцерагае: гэты народ слухае і не чуе… Таму запаведзь найперш абуджае ў нас здольнасць слухаць і ўспрымаць Слова Бога ўсур’ёз. Гэтую тэму “слухання” можна доўга развіваць. Аднак запаведзь мае нібы працяг слова “слухай”.

Да будут слова сии, которые Я заповедую тебе сегодня, в сердце твоем. и внушай их детям твоим и говори о них, сидя в доме твоем и идя дорогою, и ложась и вставая; и навяжи их в знак на руку твою, и да будут они повязкою над глазами твоими, и напиши их на косяках дома твоего и на воротах твоих (Втор 6,6-9).

Ідзе размова пра памяць. Перш за ўсё трэба пачуць і памятаць самае галоўнае, не дазволіць закідаць яго іншымі рэчамі і справамі. Запаведзь прапануе нам вельмі канкрэтныя крокі для таго, каб не забыцца пра самае важнае – памятай у сэрцы, вучы галоўнаму сваіх дзяцей, гавары пра яе дома, з чужымі людзьмі, у дарозе. Калі гэтага мала будзе, каб памятаць, то прывяжы змест запаведзі да рукі, каб яна ўвесь час нагадвала пра сябе, напішы яе на дзвярах і на варотак, узгадвай яе, калі прачынаешся і калі кладзешся спаць. Карацей, зрабі ўсё магчымае, каб не забыць, што любоў да Бога вышэй за ўсё.

Цікава, што гэтыя, здавалася б, тэхнічныя парады пра памяць маюць агромністае значэнне ў духоўным жыцці. Напрыклад, святы Ігнацы Лаёла раіць чытаць Евангелле перад сном і засыпаць з думкамі пра Божае Слова, узгадваць Яго адразу пасля таго, як прачнешся, а ў часе абеду ўзгадаць пра Слова, якое было раніцай і што яно для цябе азначала. Таксама вечарам трэба прааналізаваць пражыты дзень. Усё для таго, каб не забыцца пра Слова Бога!

Як жа гэта важна!.. Менавіта з прычыны нашай ветранасці і многіх клопатаў мы проста не слухаем і не памятаем важных Божых справаў. Дакладней, нібы і слухаем, нешта перажываем, нават робім нейкія чарговыя пастановы, але ўсё гэта хутка некуды знікае. Часам для гэтага хапае пару дзён. Менавіта таму запаведзь любові найперш запрашае нас выпрацаваць здольнасць слухаць і памятаць.

Для габрэяў наказ памятаць быў вельмі практычны. Кожны павінен быў напамяць ведаць запаведзь любові Бога, але вымаўляць яе павінны былі асаблівым чынам:  паволі і кожнае слова вельмі выразна, каб кожны раз з поўным усведамленнем вызнаваць сваю веру. Гэтая запаведзь доўгі час была для габрэяў вызнаннем веры. Яе казалі мучанікі перад смерцю. Менавіта таму трэба было чытаць яе перад сном, рыхтуючыся да таго, што заўтра можаш і не прачнуцца. Калі прамаўлялі запаведзь у дарозе, то крок трэба было запаволіць, асабліва на першыя словы. Усе гэтыя практычныя традыцыі і навыкі спрыялі развіццю не толькі памяці пра галоўнае, але таксама вучылі прабываць у боязі Божай.

 

6Запаведзь любові Бога і чалавека

Магчыма, трэба было б паасобку разглядаць гэтыя запаведзі, але менавіта навізна запаведзі Езуса ў тым, што яны ўзаемадапаўняюцца.

Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», — а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць (1 Ян 4,20).

Перш за ўсё любіць – гэта не сфера перажыванняў і эмоцый, а здольнасць рабіць дабро. Любіць Бога – гэта значыць клапаціцца пра тое, каб рабіць Яму дабро, клапаціцца пра Яго справы. Менавіта таму Апостал Ян кажа: любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі (1 Ян 5,3). Гэта не проста сімпатыі, але ты гатовы паслужыць Таму, каго любіш, не шукаючы для сябе камфорту і выгады. Пісанне кажа нам: усё ідзе на карысць тым, хто любіць Бога (Рым 8,28). І яшчэ: Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? (Рым 8,35). Часта выпрабаванні становяцца для нас праверкай, ці мы сапраўды любім Бога, ці толькі нечага ад Яго хочам. Калі ў выніку цяжкіх сітуацый нараджаецца паніка, нараканне, асуджэнне Бога, ці нават блюзнерствы, то ўсё гэта паказвае нам праўду пра нашу «любоў» да Яго. Праз розныя сітуацыі любоў да Бога ачышчаецца і загартоўваецца, нібы золата ў агні.

Не так даўно Бог даў мне радасць размаўляць з чалавекам, у якога пад пагрозай смерці быў блізкі чалавек з сям’і. Парадавала мяне тое, што гэты чалавек вельмі перажываў, але верыў, што ў выніку ўсё ж будзе дабро. Нават смерць любімага чалавека не з’яўляецца нечым кепскім. Такія высновы можа рабіць толькі той, хто любіць Бога, бо для яго сапраўды ўсё служыць на дабро.

Адзін святы ў старажытнасці пісаў, што Бог дазваляе нам пазнаваць сябе ў працэсе таго, наколькі мы Яго любім і прагнем, наколькі шукаем і наколькі Ён неабходны нам. Мы можам ведаць, што ёсць смяротным або цяжкім грахом, але гэта не азначае, што калі гэтых грахоў мы не маем, то мы ўжо сталі праведнымі і аўтаматычна пазнаем Бога. Пазнанне Бога залежыць ад нашай любові да Яго. Калі яна ёсць, то Бог паказвае нам грахі, пра каторыя мы не прачытаем у кнігах і малітоўніках. Бог тады пачынае даваць нам асабістыя ўрокі.

Што датычыць любові да бліжняга, то тут таксама падобна. Любіць – значыць рабіць дабро. Нехта трапна сказаў, што любіць – гэта ўмець дарыць найлепшыя падарункі. У Евангеллі ад Лукі, калі Езус кажа пра запаведзь любові да бліжняга, кніжнік пытаецца хто ёсць гэтым бліжнім. У адказ Езус распавядае прыпавесць пра добрага самараніна (Лк 10, 29-37). Сутнасць гэтай прыпавесці ў тым, што не трэба шукаць “маіх” бліжніх. Бо я сам магу стаць бліжнім для іншага чалавека. У гэтым праяўляецца дабро і любоў. Адзін багаслоў сказаў, што любоў заключаецца ў тым, каб мой сябра і мой вораг сталіся бліжнімі, каб паставіць паміж імі знак роўнасці і рабіць дабро для кожнага з іх, хаця і па-рознаму.

У Пасланні да Карынцянаў (2 Кар 2, 6-8) Апостал Павел кажа, каб пакаралі віноўнага брата, але пасля каб прабачылі яму і суцешылі, праяўляючы да яго спачуванне і любоў. Цікава, што ў дадзеным выпадку як пакаранне, так і суцяшэнне з’яўляецца праяўленнем любові – гэта клопат пра дабро брата.

Вучыцца любіць па-сапраўднаму Бога і чалавека – гэта цэлы працэс і багаты духоўны вопыт. Гэта далёка не проста. На парывах і эмоцыях немагчыма навучыцца любіць.

 

7

Ведаць самога сябе

У запаведзі любові Езус кажа, каб “любілі, як самога сябе”. Гэта асобная і вялікая тэма. У ёй часта могуць узнікаць  пытанні непрыняцця сваёй знешнасці, сэксуальнасці, сваёй балючай гісторыі, сваіх памылак і грахоў. Не вырашыўшы гэтых пытанняў, цяжка будзе дамагацца любові да бліжняга.

Многія святыя (св. Аўгустын, св. Ігнацы Лаёла, св. Бернард з Клерво) пісалі, што пазнанне самога сябе з’яўляецца пачаткам пазнавання Бога. Мы часта кажам, што Бог гаворыць у сэрцы. Як бы банальна гэта не гучала, але гэта праўда. Толькі сэрца – гэта не павярхоўныя эмоцыі, якія сёння вечарам ёсць, а заўтра іх ужо няма. Сэрца – гэта нешта вельмі глыбокае ў чалавеку. Можна казаць тут пра прагненні. Але гэтыя прагненні не звонку, яны не кідаюцца ў вочы, іх трэба адкрыць нібы з глыбіні сваёй чалавечай прыроды. Можна сказаць, што сэрца закідана эмоцыямі, поглядамі, ведамі, суджэннямі розных людзей. Томас Мэртан пісаў, што сапраўдны чалавечы скарб схаваны пад попелам павярхоўнасці.

Напэўна нехта з нас мае досвед, калі праз доўгі час мы раптам адкрываем – я ж заўсёды пра гэта ведаў! Толькі чаму я ведаў, а не мог прызнацца, не мог назваць па імені, не меў адвагі прыняць? Дзеіцца так з прычыны няведання самога сябе. Мы не ўмеем прыслухоўвацца да сябе, кідаемся на павярхоўнае, на тое, што гучнае, што ўсе рэкламуюць, што папулярнае. Вось толькі часам кажуць, што сапраўды каштоўныя рэчы не патрабуюць рэкламы.

Няведанне самога сябе можа весці да таго, што мы замучаем людзей вакол сябе. Згадзіцеся, што ў такім выпадку цяжка казаць пра любоў да бліжняга. Асабліва часта гэта дзеіцца, калі людзі не ўсведамляюць сваю праблему валюнтарызма. Чалавеку здаецца, што ён усё можа, галоўнае толькі захацець і змусіць сябе. Не ведаючы сваіх магчымасцяў і межаў, ён пачынае патрабаваць ад сябе і злуецца, што іншыя не патрабуюць столькі ж ад саміх сябе. Раней ці пазней такі чалавек расчароўваецца найперш у іншых людзях, а пасля і ў самім сабе. Пытанне толькі часу.

Няведанне спамога сябе прыводзіць таксама да падманнай містыкі. Не ведаючы сваёй чалавечай прыроды, сваіх патрэбаў, эмоцый, паводзінаў, чалавек пачынае прыпісваць Богу тое, што паходзіць ад яго самога. Праваслаўныя часам кажуць, што такія людзі “впадают в прелести”. Калі ідзе гаворка пра невядомыя рэлігійныя перажыванні, то веданне чалавечай прыроды проста неабходна для распазнання. Адна кармэлітанка сказала св. Тэрэзе Авільскай, што яна млее і нечакана засынае. Цікава, што б мы падумалі? Магчыма, нехта сказаў бы, што гэта “спачынак у Духу Святым”. Іншыя, магчыма, падумалі б пра апантанне ці радавое пракляцце… А св. Тэрэза проста забараніла ёй пасціцца і сказала добра выспацца. І ўся “надзвычайнасць” скончылася…

Пасланні да Карынцянаў асабліва паказваюць нам небяспеку непрыняцця праўды пра сябе. З аднаго боку, хрысціяне Карынту атрымалі шмат духоўных дароў (харызмаў), а з іншага боку, Апостал Павел хіба што ні з кім не меў столькі клопату, як менавіта з імі. З ягоных пасланняў мы даведваемся, што там былі праблемы з самымі элементарнымі справамі.

Вельмі часта людзі, не ведаючы сваіх прагненняў, не прызнаючы сваіх грахоў і сваёй гісторыі, не ведаючы праўды пра сябе і не стараючыся пазнаць сябе, жывуць у ілюзіях. Яны кідаюцца ў законнае жыццё, святарства, спрабуюць стварыць сям’ю, хочуць рабіць нешта вялікае, але ім толкам так нічога і не атрымліваецца. А праблема ў тым, што часта яны проста не ведаюць, хто яны такія, але і надалей жывуць марамі і фантазіямі. Тыя, хто  не рэалізаваліся ў сваім жыцці, не могуць даць любові іншым людзям.

 

8

Ці ўсё залежыць ад любові?

Калі шчыра, то цяжка гэта вызначыць адназначна. Але ўсё паказвае на тое, што многія рэчы ў жыцці вынікаюць менавіта з любові.

Сям’я. Пісанне вучыць, што жонкі павінны быць паслухмянымі сваім мужам, а мужы павінны любіць жонак на ўзор Хрыста, які палюбіў свой народ. Гэты біблійны пастулат працуе толькі пры адной умове – калі ёсць узаемная любоў, г.зн. калі кожны клапоціцца пра дабро іншага. Інакш у сям’і проста ўзаемная тыранія. Жонка не ведае, чаму яна павінна слухацца мужа, калі не бачыць яго любові, а муж не ведае, як любіць жонку, якая не ўспрымае і прыніжае яго мужчынскі аўтарытэт. Або ў іншым выпадку, муж без любові да жонкі проста пачынае выкарыстоўваць тое, што яна спрабуе быць яму паслухмянай.

Выхаванне дзяцей. Даводзіцца часта назіраць цяжкую з’яву, калі муж не ўдзельнічае ў выхаванні дзяцей, а праводзіць свой час перад кампутарам, у гаражы, ці на рыбалцы. Канечне, можна шмат пераконваць яго ў тым, што ён робіць кепска, але гэта, як правіла, нічога не дае. Нехта трапна сказаў, што бацька, які сапраўды любіць сваіх дзяцей, не дазволіць сабе змарнаваць час перад кампутарам. Падобна і маці, якая любіць дзяцей, не дасць ім планшэт з мульцікамі – абы яны не надакучалі ёй. Любячая маці ахвяруе свой час і будзе глядзець мульцік з дзіцем, каб аберагчы яго ад зла, размаўляць з ім пра тое, што ён там бачыць, каб тлумачыць яму тое, што ён не можа зразумець.

Адносіны: бацькі-дзеці. Любячыя бацькі не будуць кожны дзень тэлефанаваць і правяраць (кантраляваць), дзе іхнія дзеці, не будуць казаць, дзе ім трэба вучыцца, дзе працаваць і з кім ствараць сям’ю. Часта гэты кантроль вынікае з таго, што самім бацькам дрэнна, калі дзеці робяць штосьці не па-іхняму. Калі б бацькі сапраўды думалі пра дабро сваіх дзяцей, то не будавалі б ім жыццё на ўласны манер, а дазволілі б жыць самастойна.

Сэксуальныя адносіны. Як ні дзіўна, але сэксуальны грэх узнікае вельмі часта менавіта з адсутнасці любові. Хлопец не можа зразумець, што яго дзяўчына веруючая і што для яе сэкс да шлюбу прыносіць боль. Чаму ён не можа зразумець? Таму што думае пра сябе, а не пра дзяўчыну, і дабіваецца свайго. Жанчыне таксама часам цяжка зразумець, што яе муж патрабуе больш, чым яна, сэксуальных адносінаў. Не адтрымліваючы жаданага з прычыны таго, што жонка думае толькі пра сябе, нават веруючы мужчына можа ўвайсці ў сэксуальны грэх (мастурбацыя, парнаграфія, здрада).

Евангелізацыя. Вопыт паказвае, што вывучаць метады евангелізацыі і час ад часу практыкаваць іх на рэкалекцыях – гэта яшчэ не азначае, што чалавек стане евангелізатарам. Адарваць нас ад сваіх заняткаў, ад інтэрнэта, ад тэлевізара, ад ляноты могуць не методыкі і прачытаныя кнігі, а толькі неспакойнае сэрца, калі ты проста не можаш глядзець спакойна фільм пра Езуса, ведаючы, што недзе ў шпіталі ці турме паміраюць людзі, якім ніхто не паказаў Бога, які іх любіць. Толькі любоў да людзей, якая нараджаецца ў нас сілай Святога Духа, можа вывесці верніка на вуліцу з Добрай Весткай. Асабіста мяне Госпад вучыў не хадзіць ні ў сацыяльны дзіцячы прытулак, ні ў хоспіс толькі для галачкі. Калі табе няма чаго даць гэтым людзям, то лепш не ідзі туды.

Аскеза. Многія хрысціяне, асабліва маладыя законнікі, захапляюцца гісторыямі манахаў з пустыні, якія жылі вельмі радыкальна, вымагалі ад сябе, у нейкім сэнсе нават прыніжалі сябе дзеля больш высокіх ідэалаў. Можна сказаць, што гэта раннехрысціянская аскетычная рамантыка. Але мала хто ведае, што гэтыя аскетычныя ідэалы часта прыводзілі да пагарды целам і ўсім, што чалавечае. Бо з часам пачынае дамінаваць погляд, што радыкалізм хрысціянскі ў тым, каб не любіць нічога чалавечага. У выніку некаторыя манахі навучыліся любіць абстрактную ідэю Бога, але пры гэтым яны перасталі любіць чалавека, што пярэчыла самой сутнасці хрысціянства. Рускі філосаф Бярдзяеў трапна заўважыў, што аскеза без любові да чалавека нечакана нарадзіла страшнага дэмана, якім ёсць “гордыня смиренных”.

Магчыма, можна было б знайсці шмат яшчэ іншых тэмаў… Усе яны паказваюць, наколькі сапраўды запаведзь любові дае пачатак усяму іншаму і наколькі без любові, або без належнага разумення яе, усё становіцца хворым.

 

фоцік 

ФОТАРЭПАРТАЖ