6

 Пачуццё пакінутасці… Яно многім добра знаёмае. Нехта скажа, што гаворка тут ідзе пра самотнасць. Магчыма. Дадзеная канферэнцыя складаецца з двух частак: роздум пра самотнасць і вучэнне св. Ігнацыя Лаёлы пра пакінутасць (або самотнасць).

 

 

І. Пракляцце і благаслаўленне самотнасці

Для большасці людзей самотнасць з’яўляецца бядой, вельмі часта нязноснай праблемай. І гэта нармальна. Сапраўды, самотнасць не ёсць нормай чалавечага жыцця. Але, разам з тым, некаторыя людзі даюць рады з самотнасцю. У хрысціянстве часта самотнасць увогуле звязана з пэўным відам рэлігійнага досведу, альбо нават дасканаласці. Таму паспрабуем разгледзець два бакі самотнасці.

Самотнасць як пракляцце

Ужо на першых старонках Бібліі мы чуем нібы вырак для самотнасці: Не добра быць чалавеку аднаму… (Быц 2,18). Такім чынам, у самой прыродзе чалавека закладзена неабходнасць у другім чалавеку. Прырода – гэта тое, што нельга змяніць і лепш нават не спрабаваць гэта рабіць. Такім чынам, кожны чалавек мае неабходнасць у сям’і і сябрах. Часам нам патрэбна, каб нас проста нехта выслухаў, зразумеў, нават не даючы ідэальных падказак і не рашаючы нашых праблемаў. Нам патрэбныя чужыя “вушы”. Праўда, часам людзі кажуць, што ім ніхто не патрэбны, што прасцей быць аднаму, што добра жыць самотнаму. Звычайна за гэтымі словамі крыецца боль чалавека, страх, нейкі балючы досвед, раны сэрца, з якімі цяжка даверыцца іншаму чалавеку, адкрыцца. Такім чынам, самотнасць у чыстым выглядзе – гэта ўтопія. Канечне, ёсць пакліканне манаскае на пустыні, але па-першае, гэта выключэнне, а па-другое, нават пустэльнікі не былі самотнымі, а мелі кантакт паміж сабой, давалі парады людзям і, што самае галоўнае, не хаваліся за самотнасцю ад сваіх праблемаў і душэўных ранаў.

1Такім чынам, самотнасць – гэта не толькі ўтопія, гэта сапраўднае пекла, як гэта трапна паказана ў фільме “Куда приводят мечны”. Мы прызвычаіліся бачыць пекла пад выглядам розных страшылкаў, але насамрэч пекла – гэта поўная пакінутасць і самотнасць. На сто адсоткаў.

Таму калі мы разумеем нашу неабходнасць у іншым чалавеку, то вельмі важна цаніць тых людзей, якіх нам дае Госпад. Вельмі важна не губляць блізкіх праз нашу абыякавасць у адносінах з імі, грэх, пыху. На жаль, многія людзі так занятыя сабой, сваёй кар’ерай, працай, амбіцыямі, што паціху пачынаюць губляць важных для іх людзей. І тады пачынаецца пекла… Калі нехта заняты толькі сабой і сваімі жыццёвымі мэтамі, то не павінен дзівіцца, што праз гады будзе вымушаны пазнаёміцца з дзікай пакінутасцю. І гэта ўжо не так лёгка будзе выправіць. Калі нехта мае неабходнасць у іншым чалавеку і разумее гэтую неабходнасць, але такіх людзей не мае, то трэба ўсур’ёз маліцца, каб знайсці такіх людзей. Блізкія людзі, сям’я або сябры – іх ніколі не будзе шмат і яны не валяюцца на дарозе.

Заўважце, што нават Езус, які не адчуваў сябе самотным, бо жыў у прысутнасці Айца Нябеснага, але нават Ён меў неабходнасць у людзях, аб чым сведчыць дзяцінства ў Назарэце або просьба да апосталаў аб малітве ў Садзе Аліўным, перад арыштам.

Самотнасць як благаслаўленне

З іншага боку, самотнасць можа быць выкарыстана Богам з мэтаю нашага выхавання, або адкрыцця нейкай праўды. У такім выпадку, самотнасць у Божых руках становіцца благаслаўленнем.

У самотнасці прабываў Майсей на пустыні і на гары Сінай, у самотнасці быў прарок Ілля, у самотнасці патрыярх Якуб змагаецца за Божае благаслаўленне перад сустрэчай са сваім братам (Быц 32,22-32), у самотнасці Езус перажываў спакусы на пустыні. У нейкім сэнсе, выбраны народ патрабаваў ажно сорак гадоў самотнасці на пустыні, каб стацца Божым народам. Самотнасць перажываў таксама Езус падчас укрыжавання, калі казаў: Ойча, чаму Ты Мяне пакінуў? Цікава тое, што крыху раней Езус і блізка не адчуваў таго, што Ён пакінуты Айцом: Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне (Ян 11,42); Вось надыходзіць час і ўжо настаў, калі вы рассеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною (Ян 16,32).

2Такім чынам, самотнасць была і ёсць неабходным элементам жыцця многіх Божых праведнікаў. Асабіста мяне вельмі ўражвае факт з жыцця францускай стыгматычкі і містычкі Марты Робэн. Нягледзячы на сваю хваробу, праз якую яна дзесяткі гадоў была прыкутая да ложка, яе адведала больш за мільён католікаў, просячы малітвы, парады, ці проста маючы патрэбу паразмаўляць. Марта ніколі не была самотнай, вакол яе заўсёды былі людзі. Напрыканцы свайго жыцця яна ведала пра свой адыход з гэтага свету і паклікала блізкіх людзей, каб маліліся разам з ёй. Аднак нечакана для ўсіх яна раптам папрасіла ўсіх пакінуць яе адну. Марта памерла ў самотнасці.

Які сэнс самотнасці, якую дае нам Бог? Найперш, самотнасць паказвае нам нашу абмежаванасць, паказвае праўду пра нас. Вельмі трапна спяваў некалі Віктар Цой: “Я хотел быть один, но это быстро прошло. Часам вернікі мараць, што яны будуць маліцца Богу ў самотнасці, будуць чытаць Біблію і разважаць пра вечнае. Аднак, як правіла, гэта толькі мары. Як толькі такія людзі ўсур’ёз сустракаюцца з самотнасцю, яны адразу пачынаюць наракаць, ім адчыняюцца вочы пра іхнія ілюзіі, фантазіі і г.д. Галандскі езуіт Генры Нувэн таксама марыў пра жыццё ў самотнасці, але пасля таго, як трапіў у кляштар трапістаў, нечакана стаў заўважаць, што чакае лістоў ад сяброў, чакае размоваў, пытанняў. Таму нават кароткая самотнасць адкрывае нам праўду пра нас.

Па-другое, самотнасць вучыць нас спадзявацца на Бога, а не на сябе і не на іншых людзей. Самотнасць лечыць нас ад самадастатковасці. Менавіта такую самотнасць павінны былі спазнаць многія праведнікі Старога Запавету на пустыні. З такой самотнасцю сустрэўся народ выбраны на пустыні.

Аднак трэба быць асцярожным, каб рабіць хуткія высновы і казаць, што Бог мяне выпрабоўвае і вучыць праз самотнасць як Майсея ці прарока Іллю. Вельмі важна ведаць прычыну сваёй самотнасці, правільна ацаніць і назваць свой стан. Каін таксама хадзіў з апушчанай галавой, але за сумам Каіна хавалася крыўда, зайздрасць, асуджэнне, а не выпрабаванне ад Бога. Ягоная самотнасць не была нечым добрым, і Бог папярэджваў Каіна аб гэтым. Для параўнання, зусім іншы сум перажываў Пётр пасля здрады Езусу. Ён таксама перажываў самотнасць, але за ёй хавалася вялікая любоў да Настаўніка. Таксама нечым іншым была самотнасць і сум Нееміі:

В месяце Нисане, в двадцатый год царя Артаксеркса, [было] перед ним вино. И я взял вино и подал царю, и, казалось, не был печален перед ним. Но царь сказал мне: отчего лице у тебя печально; ты не болен, этого нет, а верно печаль на сердце? Я сильно испугался и сказал царю: да живет царь во веки! Как не быть печальным лицу моему, когда город, дом гробов отцов моих, в запустении, и ворота его сожжены огнем! И сказал мне царь: чего же ты желаешь? Я помолился Богу небесному и сказал царю: если царю благоугодно, и если в благоволении раб твой пред лицем твоим, то пошли меня в Иудею, в город, [где] гробы отцов моих, чтоб я обстроил его (Неем 2,1-5).

На гэты тэкст асабліва хачу звярнуць увагу. Сум Нееміі быў голасам Бога ў ягоным сэрцы і гэта немагчыма было схаваць нават перад царом язычнікам. Гэты сум не быў проста эмацыйным перажываннем, гэта быў боль сэрца. Цікава тое, што Неемія не дае адразу цару адказу. Ён моліцца. Магчыма, ён сам да канца не ведае, што з ім адбываецца, а тым больш, не збіраецца кідаць на вецер неабдуманых словаў.

Гэта вельмі прыгожы вобраз. Патрэбны час, малітва і роздум для таго, каб адказаць пра карані сваіх перажыванняў, а тым больш, пра сапраўдную прычыну самотнасці. Часам гэта будзе выпрабаванне ад Бога, а часам выключна грэх.

Разважаючы пра самотнасць як благаслаўленне і дар ад Бога, хачу згадаць тут  яшчэ адзін фрагмент з Бібліі – прыпавесць пра 99 праведных авечак і адну згубленую (Лк 15,4-5). Мяне раней інтрыгавалі гэтыя 99 авечак. Бо хіба ім не патрэбна навяртанне? Цікава, што Пастыр не баіцца іх пакінуць, не баіцца, што яны будуць безадказнымі. Ён нібы перакананы ў іх. Авечкі тыя нейкі час стаяць без Яго і нікуды не ідуць, бо ведаюць, што ім няма куды ісці, што там няма травы. Напэўна ж, гэта няпроста, але яны стаяць, не панікуюць, не прымаюць рашэння, а вераць, што Пастыр вернецца. І Ён вяртаецца. Ён нясе на плячах згубленую авечку. Яна атрымала ад Яго асаблівы дар суцяшэння. А гэтых ужо не трэба няньчыць і падымаць на плечы. Яны дарослыя, духоўныя, а не душэўныя (эмацыйныя). Ім хопіць прысутнасці Пастыра. Яны не зайздросцяць. Такім чынам, яны нейкі час стаяць у самотнасці без Пастыра і гэтая самотнасць сведчыць аб тым, што яны духоўна сталыя, што ім можна давяраць, хаця гэтая самотнасць, хутчэй за ўсё, і не прыносіць ім вялікага камфорту.

Аналізуючы многія ўрыўкі Пісання пра пакінутасць, можна заўважыць, што слова Бога адназначна паказвае нам, што, як правіла, гэта не Бог пакідае чалавека, а чалавек пакідае Бога (4 Цар 21,22; 2 Пар 21,10; Ер 2,13; Ер 9,2-7; Пс 80,12-15; Іс 49,14-16; 54,7-14; 64,7-9.

3ІІ. Святы Ігнацы Лаёла пра пакінутасць

Святы Ігнацы Лаёла нашмат больш піша пра пачуццё пакінутасці, чым пра духоўнае суцяшэнне. Чаму? Таму што ў стане пакінутасці асабліва атакуе злы дух, які хоча нас дабіць. Калі ж мы адпаведна перажываем гэты стан, то перажываем і духоўны рост, набіраемся досведу пасля перажытага бою.

Святы Ігнацы акрэслівае “пакінутасць” наступным чынам: гэта – хваляванне духа, нявера, абыякавасць, страхі і хваляванні з-за спакусаў, сум, адчай, пачуццё, што ты адлучаны ад Бога, няздольнасць маліцца, разважаць, думаць, імкнуцца да Божага. Часта мы не ведаем, калі прыходзіць пакінутасць і чаму. Пры агромністай колькасці эмоцый і цяжкіх перажыванняў злы атакуе нас думкамі, што Бог адвярнуўся. Гэта можа прыводзіць да адчаю. Бо гэта – яго галоўная мэта.

Ігнацы звяртае ўвагу, што ў стане пакінутасці нас вабяць зямныя радасці. Гэта нешта процілеглае стану суцяшэння, калі мы захопленыя Богам, а рэчы зямныя для нас другарадныя. Тут жа ўсё наадварот. Вядомы тэолаг езуіт Карл Ранэр пісаў, што ў гэтым стане распальваецца пажадлівасць да ўсяго зямнога і калі прыйдзе пасля сапраўдная спакуса, то мы гатовыя будзем за ёй ісці. У стане пакінутасці мы перажываем Бога як Некага далёкага і хапаемся за тое, што пад рукой, што блізкае – за багацце, ежу, сэксуальнасць, кампутар і г.д.

Ігнацы кажа, што ў стане пакінутасці часта праяўляецца ілжывая пакора, якая ёсць другім бокам пыхі, і чалавек стварае з сябе мучаніка, які бачыць усё толькі ў чорных фарбах.

Самае галоўнае ў гэтым стане – не прымірыцца і не чакаць пасіўна, што ўсё само па сабе пройдзе. Гэты стан вымагае не падманна-пакорнага чакання, а барацьбы. Звычайна чалавек вінаваціць за гэты стан сябе або некага. Таксама характэрна бачыць тады ў сабе мучаніка і пачаць шкадаваць сябе. Асноўнае правіла – не паддавацца на пачуцці, а распачаць барацьбу.

У гэтым стане нельга прымаць сур’ёзных рашэнняў (падобна, як і пад уплывам розных эмоцый). Вораг асабліва спакушае нас да радыкальных рашэнняў, паколькі нам вельмі складана чакаць і змагацца доўгі час. Прымаць рашэнні да нейкіх дзеянняў не трэба, а вось весці духоўнае змаганне – як найбольш (напрыклад, змусіць сябе чытаць Біблію або рабіць рахунак сумлення).

Карл Ранэр піша, што гэты стан, з аднаго боку, вымагае працы і барацьбы (таму лянівыя яго не праходзяць, або страшна мучаюцца), а, з іншага боку, Бог нібы паказвае нам, наколькі мы абмежаваныя, калі здаемся выключна на ўласныя сілы. Бог нібы адняў сваю руку ад нас, і мы адразу робімся слыбымі ды бездапаможнымі… Перажыванне гэтага стану пабуджае да веры і даверу.

Пакінутасць – гэта такі стан, нібы ты стаіш перад сцяной, якую ніяк немагчыма прайсці. І тут вельмі важна вымагаць ад сябе веры не толькі ў тое, што неяк там усё павінна вырашыцца, не толькі ў тое, што Бог нешта зробіць, але верыць, што Бог зробіць гэта канкрэтна ў маім жыцці. Ігнацы раіць нам змагацца і верыць, што мы будзем суцешаныя, раіць змагацца і думаць пра будучыя радасці. Каб не згубіць надзеі.

4Прычыны стану пакінутасці

Мы самі

Ігнацы кажа пра ляноту, праз якую мы згубілі дараваны нам скарб духоўнага суцяшэння – перасталі маліцца, чытаць Божае слова, пайшлі за “мамонай”, не шукалі адказаў з духоўнікам, не мелі кантакту з вернікамі.

Яшчэ прычынай можа быць нашая “блытаніна маральная”. Напрыклад, здарыўся лёгкі грэх, а мы капаемся ў скрупулах і перажываем  трагедыю, хоць самі не здольныя ні ацаніць, ні назваць рэчы сваімі імёнамі. Бо трагедыі насамрэч і няма. Або іншая крайнасць. Напрыклад, здараецца часам цяжкі грэх. Мы ж самі сябе асудзілі, прынялі асуджэнне бліжніх, надумалі, што Бог адвярнуўся ад нас. Асабліва цяжка бывае выйсці з гэтага стану, калі чалавек перажывае працяглае асуджэнне за цяжкі грэх (напрыклад, аборт, чужалоства) з боку родзічаў. Тут шмат падману. Чалавек зрабіў цяжкі грэх і шчыра пакаяўся. Бог прабачыў яму гэты грэх. Але чалавек не можа прыняць праўду аб Божым прабачэнні, бо ўвесь час чуе асуджэнне з боку родных. Такі чалавек у гэтым стане і надалей сябе вініць і пачынае думаць, што Бог яму не прабачыў, што Ён і надалей яго асуджае. Насамрэч мы тут маем дачыненне з падманам і своеасаблівай “маральнай блытанінай”. Тая ці іншая “маральная блытаніна” выкрываецца праз Божае слова або дапамогу вопытнага духоўнага кіраўніка. Канечне, не так лёгка сказаць, хто больш вопытны, а хто менш. Тым не менш, гэта важна. Часам можа быць, што чалавеку Бог паказвае нейкі ягоны грэх, хоць ён і не цяжкі. Тым не менш, гэта важна для Бога і самога чалавека. Святар у такім выпадку павінен распазнаць, пра што ідзе размова: пра непатрэбныя скрупулы, ці пра духоўны досвед.

Выпрабаванні ад Бога

Стан пакінутасці можа прыйсці як выпрабаванне ад Бога. Біблія падае шмат такіх прыкладаў, хоць бы і гісторыя Абрагама. Пасланне да Габрэяў кажа, што калі Бог каго любіць, то таго ж і выпрабоўвае дзеля духоўнага росту і ўзмацнення веры. Гэты момант асабліва важны для хрысціянаў, якія нядаўна перажылі навяртанне, гэтак званых, “навічкоў”. Вельмі часта ім здаецца, што яны самі ўжо шмат чаго дасягнулі, што “ўсё ўмеюць”. У рэальнасці ж “навічкі” яшчэ не могуць пазнаць праўды аб сабе, не пазналі сваёй слабасці, як спазнаў яе апостал Пётр. Яны шчаслівыя, што ім так шмат “удаецца”, часта саманадзейныя. Асабіста я шмат гэтага бачу ў руху Адновы Харызматычнай. Многім здаецца, што яны знайшлі просты спосаб на вырашэнне складаных сітуацый. Галоўнае – адрачыся ад зла ў імя Езуса Хрыста, заклікаць Духа Святога, падняць рукі ўгору, з’ездзіць на “Вінаграднік” ці на іншае малітоўнае чуванне, папрасіць, каб той альбо іншы памаліўся, паспавядацца ў асаблівага святара, разбурыць “радавыя пракляцці” і г.д. Карацей, вось яно – простае рашэнне складаных сітуацый, якое не вымагае шмат працы. Ад такой наіўнасці і саманадзейнасці Бог нас выводзіць рознымі выпрабаваннямі, і, між іншым, станам пакінутасці.

Даючы нам такое выпрабаванне, як перажыванне пакінутасці, Бог хоча навучыць нас простай праўдзе: мы не можам утрымаць радасць, суцяшэнне ці змусіць сябе чарговы раз нешта перажыць, бо ўсё гэта – дар ад Бога. Часта я чую ад маладых людзей: “Не адчуваю любові так, як адчуваў некалі”. На што я часта адказваю: “Для мяне гэта – норма, а калі адчуваю штосьці выключнае – гэта падарунак ад Бога”. Нам важна зразумець, што мы не найміты, якія чакаюць заплаты. Бог нічога не абавязаны нам даваць. Ён робіць падарункі, а не ўзнагароджвае “па-свецку”. У гэтым менавіта ўтоена наша любоў да Яго: не Бог нам штосьці павінен, а мы Яму…

Суцяшэнне і пакінутасць, радасць і сум ідуць заўсёды поруч. Адно змяняе другое. Нельга затрымаць ні тое, ні іншае. Кніга Прыпавесцяў кажа: пасля вясёлага вечару прыходзіць сумны ранак. Важна навучыцца не панікаваць і не чакаць, нібы той лянівец, а змагацца, верыць, абуджаць надзею, а пры неабходнасці звяртацца за дапамогай да духоўнага кіраўніка.

5