1«Колькі разоў Бог распальваў тваё сэрца зноў і зноў?». Асабіста я са здзіўленнем адкрыў для сябе, што Бог так шмат распальваў маё сэрца, так шмат даваў і надалей дае магчымасцяў пачаць спачатку! Але гарыць гэтае сэрца чамусьці, як правіла, нядоўга. Са здзіўленнем адкрываю, што пытанне не ў тым, як распаліць сэрца наноў. Такіх момантаў было і ёсць больш чым дастаткова. Пытанне ў тым, як утрымаць гэты агонь, як не дазволіць яму пагаснуць.

 

Неабходнасць распазнання

Калі мы гаворым пра патрэбу распаліць наноў сваё сэрца, то часта маем на ўвазе, што нам трэба было б вярнуцца да таго, што было некалі з намі, да таго стану, калі нашае сэрца гарэла, ірвалася, калі мы мелі нейкія асаблівыя перажыванні. Мы ўзгадваем нашыя духоўныя перажыванні з мінулага. І менавіта тут узнікае важнае пытанне: ці трэба нам вяртацца да гэтых перажыванняў мінулага? Гэтае пытанне вымагае сур’ёзнага і грунтоўнага распазнання.

2Думаю, што добрым прыкладам для нас можа быць гісторыя апостала Пятра. Гэта вельмі імпульсіўны, з палаючым сэрцам вызнаўца Хрыста. Перажываючы свой грэх, Пётр казаў: адыдзі ад мяне, Госпадзе, бо я чалавек грэшны (Лк 5,8). Пётр кляўся Езусу, што нават калі ўсе здрадзяць Яму, то ён ніколі не адрачэцца ад свайго Настаўніка. І па-свойму ён спрабаваў стрымаць сваё абяцанне. Гэта менавіта ён выхапіў меч і ўдарыў слугу, калі Езуса арыштоўвалі ў Садзе Аліўным (Ян 18,10). Без сумніву можна сказаць, што сэрца гэтага чалавека моцна гарэла для Бога. Не выпадкова Хрыстос ставіць Пятра начале Апосталаў і ўсяго Касцёла. Тым не менш, пасля ўваскрасення, адказваючы Езусу на пытанне ці любіш ты Мяне, Пётр не вяртаецца ў полымя свайго сэрца, да сваіх старых абяцанняў. Пётр не кажа: «Люблю цябе больш за іншых», але кажа Ты ўсё ведаеш, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.

Гісторыя Пятра паказвае нам, што гэты чалавек і надалей застаўся адданы свайму Настаўніку, і надалей яго сэрца гарэла, нават да мучаніцкай смерці. Але Пётр пасля сваёй здрады і Пётр напачатку – гэта, у нейкім сэнсе, розныя людзі. Мы бачым розныя духоўныя этапы гэтага чалавека. Менавіта таму Езус другі раз кажа Пятру: ідзі за Мной.

Гэты прыклад для нас вельмі важны. Часта мы шкадуем, што нешта ў нас змянілася, мы цяпер не такія, як раней, а трэба задаць сабе пытанне і ўвайсці ў распазнанне: чаму мы змяніліся, што стала прычынай гэтых зменаў?

Можа так быць, што самі ж мы і вінаватыя ў тым, што нашыя сэрцы сталі соннымі і абыякавымі. Можа так быць, што мы сталі духоўна лянівымі, што клопаты гэтага свету або багацце і дабрабыт закрылі нам Бога. Біблія ў многіх месцах паказвае нам, чаму сэрцы могуць астыць. Паспрабуем гэтыя моманты разгледзець крыху пасля. Але можа таксама так быць, што ў нашым жыцці пачаўся іншы духоўны этап і нам увогуле не трэба вяртацца да той стадыі “гарачыні” сэрца, якая была некалі. Сэрца павінна гарэць, але, магчыма, па-іншаму, па-новаму, як гэта сталася ў жыцці Пятра. Словам, гэтае пытанне вымагае грунтоўнага распазнання.

Трэба прызнаць той факт, што ўсе мы на пачатку нашага духоўнага жыцця наіўныя, часам несвядома самі сябе падманваем або дазваляем падманваць нас іншым (таксама несвядома). Але, разам з тым, мы гэтага не бачым, для нас усё выглядае прыгожа, і мы расчулена ўзгадваем тыя гады несвядомасці і самападману. Можна сказаць, што гэта адбываецца з намі, нібы з дзецьмі. Многія з нас міла ўзгадваюць сваё бесклапотнае дзяцінства. Яно сапраўды мілае, але да яго немагчыма вярнуцца, бо жыццё пайшло наперад. Наша дзяцінства (таксама духоўнае) – гэта не страчаны час, а пачатковы этап, які трэба скончыць, і згадзіцца распачаць нешта новае. Апостал Павел паказвае гэты этап у трапным вобразе: я паіў вас малаком, а цяпер трэба згадзіцца прымаць больш сур’ёзную ежу (1 Кар 3,2). Адзін кардынал, каментуючы Спасланне Духа Святога, сказаў, што агонь, які спачыў на апосталах, пасля знік, не стала таксама і ветру, але сэрцы іхнія гарэлі знутры, гарэлі нябачна для чалавечага вока. Вельмі трапная заўвага пра розныя перыяды дзеяння Бога ў нашым жыцці.

3У часе майго турэмнага служэння я сустракаў розных людзей, якія перажылі навяртанне. Многія з іх былі катэгарычныя, па-свойму агрэсіўныя і вельмі патрабавальныя да сябе і іншых, многія кідаліся евангелізаваць, некаму нешта даказваць. У большасці гэта былі пратэстанты. Але з цягам часу некаторыя з іх пачалі казаць, што ім даспадобы літургія святой Імшы ў католікаў або ў праваслаўных больш, чым праслаўленне пад гітары, некаторыя сталі цаніць касцёльную арганізацыю, парадак, законы і перасталі ірвацца евангелізаваць усіх запар. З аднаго боку, можна сказаць, што такія людзі пагаслі, перагарэлі, здрадзілі натхненням Духа Святога. І так сапраўды можа быць. А з іншага боку, мне было радасна, таму што я бачыў у жыцці некаторых з іх духоўны рост і дынаміку, я бачыў, як пачатковая наіўнасць і максімалізм саступілі месца пакоры, Божаму спакою і г.д.

Асобна хочацца звярнуць увагу на некаторыя ілюзіі, да якіх напэўна не трэба нам вяртацца. Калі я бачу іх у жыцці маладых людзей, то хочацца, каб яны як мага хутчэй зніклі. Гаворка ідзе пра такія рэлігійныя практыкі, у якіх адсутнічае богашуканне. Умоўна кажучы, малады чалавек нібы запаўняе эфір свайго жыцця рэлігійнай актыўнасцю (чуванні, пілігрымкі, сустрэчы моладзі, выезды ў Польшчу), але адначасна няма асабістай малітвы, няма ні кроплі жадання пазнаць Бога праз Біблію, няма працы над сабой. Калі веруючы чалавек перажывае ачышчэнне, то нешта ў яго заўсёды застаецца. Калі ж няма богашукання, а ёсць толькі жыццё ад акцыі да акцыі, то і ачышчэння ніякага не будзе. Малады чалавек проста апынаецца каля разбітага карыта. Я раней здзіўляўся, як актыўныя рэлігійна маладыя людзі ў адзін момант проста знікалі з Касцёла, быццам іх і не было. Тут размова не пра барацьбу, спакусы, іншыя этапы духоўнага жыцця. Тут ідзе размова пра тое, што рэлігійны падман знік, нібы туман, а чалавек застаўся ні з чым. Як правіла гэта адбываецца, калі малады чалавек выязджае ў іншы горад, уладкоўваецца на працу або перажывае закаханасць. У такіх сітуацыях гаворка ідзе не пра тое, каб распальваць сэрца наноў, бо яно нават і не гарэла. Трэба, у нейкім сэнсе, проста забыцца пра тое, што было, а будаваць свае адносіны з Богам з нуля.

Гэтае распазнанне аб прычыне астылага сэрца павінен зрабіць кожны асабіста. Напрыклад, некалі малады чалавек не прапускаў ніводнага малітоўнага начнога чування, стараўся быць на розных харызматычных рэкалекцыях, удзельнічаў у многіх ініцыятывах і акцыях і г.д. І вось цяпер яму, магчыма, трэба задаць перад Госпадам пытанне: «Маё сэрца не гарыць па ўсіх гэтых рэчах з-за маёй ляноты і граху, альбо таму, што гэта ўжо пройдзены этап і трэба цяпер ісці далей, памятаючы пра сваё мінулае, але не спрабуючы паўтарыць свае перажыванні?». Гэтае пытанне можа быць вельмі складаным. Часам ёсць неабходнасць з некім духоўна вопытным падзяліцца сваімі распазнаннямі, але найперш трэба з адвагай перад Госпадам адказаць самому сабе.

заданне падумаць

 

Ці трэба табе вяртацца да твайго гарачага сэрца ў мінулым? Чаму тваё некалі гарачае сэрца астыла – з-за граху ці з прычыны новых духоўных этапаў? Якія самападманы і ілюзіі рэлігійнага жыцця можаш назваць?

 

Распаліць сэрца наноў, альбо падтрымаць агонь?

На пачатку чарговай часткі нашых разважанняў хочацца задаць кожнаму з нас пытанне: «Колькі разоў Бог распальваў тваё сэрца зноў і зноў?». Асабіста я са здзіўленнем адкрыў для сябе, што Бог так шмат распальваў маё сэрца, так шмат даваў і надалей дае магчымасцяў пачаць спачатку! Але гарыць гэтае сэрца чамусьці, як правіла, нядоўга. У прынцыпе, многія рэкалекцыі распальваюць наша сэрца, споведзь, размова з Божым жывым чалавекам, прачытаная кніга, часам фільм, казанне, сведчанне, часам зусім выпадковыя сітуацыі. Дух Святы не спыняецца ў дзеянні, Ён зноў і зноў распальвае нашыя сэрцы. І нават крыху дзіўна задаваць пытанне, што ж трэба яшчэ зрабіць, каб распаліць сэрца наноў, калі такіх сітуацый было ўжо некалькі дзесяткаў ці нават сотняў. Праўда таксама ў тым, што мы, як малыя распешчаныя дзеці, пачынаем прызвычайвацца да падарункаў і нас цяжка ўжо нечым здзівіць. І калі раней мы маглі пасля рэкалекцый, чування, споведзі жыць перажытым тыднямі ці нават месяцамі і гадамі, то сёння многія з нас ужо праз пару дзён чакаюць, што ж нас яшчэ можа распаліць, натхніць ці падштурхнуць. Пра такія сітуацыі мы часта кажам: “затлусцелі”, “заеліся”. Але, о дзіва, выглядае на тое, што Духа Святога гэта не стрымлівае. Ён шукае ўсё новыя і новыя шляхі, каб распаліць нашыя сэрцы.

Са здзіўленнем адкрываю, што пытанне не ў тым, як распаліць сэрца наноў. Такіх момантаў было і ёсць больш чым дастаткова. Пытанне ў тым, як утрымаць гэты агонь, як не дазволіць яму пагаснуць.

4Чаму наш агонь гасне?

Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў (Ап 2,4).

Паспрабуем на гэтае пытанне адказаць, карыстаючыся навукай Хрыста, а таксама жыццёвым назіраннем і досведам.

Слабне любоў

А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне (Мц 24,12).

Апостал Ян у Першым Пасланні называе грэх беззаконнем. Да граху першароднага быў свой Божы Закон і парадак. Не было шмат запаведзяў, але быў Закон Божы, які не дазваляў чалавеку сваволіць, рабіць, што яму захочацца, Закон гэты трымаў чалавека ў сыноўняй залежнасці ад Айца. Сатана праз грэх прынёс беззаконне, навучыў чалавека па-свойму ўладкоўваць сваё жыццё, так, як яму хочацца, а не як хоча Бог. Такім чынам пыха чалавека, яго самадастатковасць ляжыць у аснове любога граху. Гэта і ёсць беззаконне.

Процілегласцю граху і беззаконню з’яўляецца любоў. Канечне, не ў сэнсе сімпатый, эмоцый і закаханасці, а ў сэнсе ахвярнасці. Любіць – гэта ахвярна тварыць дабро, часта забываючыся пра сябе.

Па меры таго, як узрастае нашая непаслухмянасць, самадастатковасць і пыха, любоў пачынае чахнуць. А гэтая любоў і ёсць Дух Святы.

Хрысціянін, які не распачаў барацьбу са сваім «я», са сваім самалюбствам, які ўвесь час хоча, каб было па-ягонаму, які не вучыцца рабіць дабро іншым, а не сабе, проста няздольны ў выніку затрымаць агонь Духа Святога. Са здзіўленнем я адкрыў, якую агромністую ролю для веруючага адыгрывае сацыяльная праца, калі ён адкрываецца і ідзе з дапамогай таму, хто ў патрэбе – бедным, хворым, самотным. Не абавязкова, што ты вырашыш праблемы гэтых людзей, але для цябе затое адкрыецца магчымасць вучыцца любіць. Бо без гэтага хрысціянства застаецца часта толькі сухой тэорыяй, якая раней ці пазней проста надакучыць. Не выпадкова Хрыстос казаў, што ён будзе ў тых, хто ў патрэбе. Сацыяльная паслуга далёка не самая галоўная, але гэта магчымасць вучыцца любіць практычна, па-сапраўднаму, і дазволіць Богу жыць у нас праз любоў.

заданне падумаць

Як ты змагаешся са сваім самалюбствам і пыхай? Ці вучышся любіць?

 

5Не выкінулі старое

Гэтая перашкода раскрываецца перад намі ў розных момантах Пісання.

Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо прышытае рве вопратку, і дзіра робіцца яшчэ горшай. Не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое (Мц 9,16-17).

 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён (Ян 12,24).

Божая дынаміка духоўнага жыцця вымагае ад нас, каб мы пакінулі тое, што нам перашкаджае, што не Божае. Заўважаю, што ў вельмі многіх выпадках, калі чалавек чакае нечага новага ад Бога, але не згаджаецца развітацца са сваім старым, то нічога і не адбываецца. Ідзе размова пра два асобныя крокі: развітацца са старым і прыняць новае. Прычым старое – гэта не толькі грэх у нашым паўсюдным разуменні. Але гэта ўсё, што перашкаджае Божаму, усё, што забірае тваю ўвагу, твой час, усё, што запаланіла твае думкі і эмоцыі. Часта ідзе размова пра аб’ектыўна добрыя рэчы, якія перасталі ўжо служыць на шляху да новага, да Божага. Таму з імі трэба развітацца.

Можа гэта наіўна і па-дзіцячы, але такім “старым” для мяне некалі была калекцыя манет, якія я збіраў у дзяцінстве. Ідучы ў духоўную семінарыю, я думаў, што стану святаром і там, недзе пры парафіі, зраблю нумізматычны міні-музей. І толькі з часам я зразумеў, што гэтая калекцыя зрабілася для мяне непатрэбным грузам, якога варта пазбыцца. Пасля падобным чынам мне трэба было выкідваць “старое” ў тэме палітыкі, патрыятызму, маёй пабожнасці. Часта гэтая тэма закранае вельмі сур’ёзныя справы, нашы мары, планы, амбіцыі і г.д. Мы становімся часта перад вельмі цяжкім выбарам. Але пакуль не навучымся адкідаць сваё старое крок за крокам, датуль Бог не дазваляе нам дакранацца да новага.

Да тэмы “старога” можна аднесці таксама вучэнне Хрыста пра клопаты гэтага свету.

Пасеянае ж у церні – гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно застаецца бясплодным (Мц 13,22).

заданне падумаць

 

Назаві свае «старыя мяхі»…

 

 

Ад веры ў веру

Апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў ужывае даволі дзіўныя словы: Божая справядлівасць адкрываецца ад веры ў веру (Рым 1,17). Беларускі пераклад кажа: з веры для веры. Ніколі не прыдаваў значэння гэтым словам і нават не стараўся іх зразумець, але па-Божай міласці ў апошнія дні Бог адкрыў мне праз аднаго чалавека глыбіню гэтых словаў. Думаю, што сталася так менавіта для раскрыцця нашай тэмы.

Магчыма, ідзе гаворка пра тое, што пасля пройдзенага аднаго этапу нашага духоўнага жыцця надыходзіць другі этап. Такім чынам веруючы чалавек можа сказаць: сапраўды, я некалі так думаў, некалі са мной такое было, але цяпер Бог паказвае мне нешта іншае. Гледзячы на сваё мінулае, аглядаючыся назад, ты можаш смела сказаць, што прайшоў нейкую адлегласць і ідзеш далей. І вельмі важна, каб паміж гэтымі этапамі не было прорвы. Нельга з інтузіязмам кінуцца на нейкую Божую справу, пакаштаваць яе павярхоўна, а пасля гэтаксама гучна знікнуць, каб праз нейкі час зноў гучна заявіцца. Божая праца вымагае паслядоўнасці.

6Гэта можна параўнаць да працы гітарыста або спартоўца. Калі чалавек доўгі час не трэніруецца паслядоўна, то вельмі складана пачынаць зноў ад пачатку. Твае мышцы баляць, твае пальцы не ловяць струнаў так, як павінны лавіць. Паслядоўнасць і вернасць вядуць цябе далей, без прорваў.

Многія ведаюць, што верніку нашмат прасцей чытаць Біблію і маліцца, калі рабіць гэта рэгулярна і паслядоўна. Часта гэта шмат вымагае ад нас, але рэгулярнасць трымае нас у тонусе. Нашмат цяжэй пачаць чытаць Біблію, калі ты гэтага не рабіў, альбо ў цябе быў вялікі перапынак. Ты нават не ведаеш, з якой Кнігі пачаць, у цябе тысячы аргументаў, каб адкласці гэты працэс на пасля. Як гэта ні дзіўна, але асабіста мне нейкі час было прасцей штодзённа маліцца тры часткі ружанца, чым пасля перайсці на адну. Проста збіўся мой рытм, і я перастаў трымаць сябе ў тонусе.

Пасля спаслання Святога Духа апосталы менавіта стараліся трымаць сябе ў духоўным рытме. Гэта было іх намаганне, каб захаваць агонь Духа Божага. Яны рэгулярна пачалі сустракацца на малітве і на разважанні Божага слова. Яны падтрымлівалі адзін аднаго ў гэтым рытме. Тут ёсць агромністая роля супольнасці веруючых, калі людзі дапамагаюць адзін аднаму шукаць Госпада, мабілізуюць адзін аднаго. Асабіста я цаню тыя моманты святарскай паслугі, калі мне трэба рыхтавацца з Бібліяй, маліцца, шукаць адказы. Так Бог мяне мабілізуе праз маіх братоў і сясцёр у веры. У гэтым, між іншым, роля супольнасці.Такім чынам, чарговая прычына, чаму мы не можам падтрымліваць у нас агонь Духа Святога – гэта адсутнасць вернасці і паслядоўнасці, а замест іх мы часта жывём ад акцыі да акцыі, шукаючы, што ж нас яшчэ распаліць.

заданне падумаць

Як выглядае справа з тваёй паслядоўнасцю і вернасцю?

 

 

Стома цывілізацыяй

Чарговая прычына, чаму мы не здольныя падтрымліваць агонь Духа Святога ў нас – гэта стома. Яна можа мець розныя карані і па-рознаму называцца. Тут таксама важна распазнаць, адкуль гэтая стома бярэцца.

Са здзіўленнем я стаў назіраць у некаторых гісторыях, што чалавек, які доўгі час не працаваў з розных прычынаў, які спіць да абеда і дапазна сядзіць перад кампутарам, будзе стомлены сваім беспрацоўем. Але калі яму даць нешта рабіць, то ён вельмі хутка стоміцца і працай. Такога чалавека нельга нагружаць адразу, бо ён проста не вытрымае, нават маючы добрую волю нешта мяняць у сваім жыцці. Яго трэба нагружаць крок за крокам, прыслухоўваючыся да яго стомы і немачаў.

Разумеем, што гэтая стома называецца лянотай. І гэта вельмі сур’ёзная праблема. Разумеем агромністую розніцу паміж стомленым лянівым чалавекам і стомай таго, хто фізічна адпрацаваў свае восем гадзін. Але да стомы абодвух трэба прыслухацца і па-рознаму рашаць іх праблему. Менавіта таму тут таксама патрэбна распазнанне.

7Часам даводзіцца чуць ад людзей, наколькі яны стомленыя (на жаль, усё больш такіх сустракаю сярод святароў і сясцёр законных). Людзі могуць быць нават на мяжы дэпрэсіі. Але калі пачаць уважліва разглядаць іх стыль жыцця, іх абавязкі, то становіцца бачна і зразумела, што там асабліва няма ад чаго і стамляцца. Яны стомленыя  іншым – стомленыя  часта самімі сабой. Каб дапамагчы такім людзям, іх трэба паціху загружаць адказнай працай.

Ёсць яшчэ іншая стома. Не раз я пра гэтую праблему ўзгадваў на розных сустрэчах “Вінаградніку”, але гэтым разам нават хачу ёй даць сваю назву – “стома цывілізацыяй”. Ідзе размова пра тое, што большасць людзей не падрыхтаваныя да тых зменаў у грамадстве, якія нясе нам сучасная цывілізацыя. Тэхнічны і навуковы прагрэс еўрапейскай цывілізацыі накіраваны найперш не на тое, каб дапамагчы чалавеку жыць, а на тое, каб прадаць тавар. Уся рэклама, ідэалогія моды і навуковыя тэхналогіі падказваюць нам, што нам тое і тое трэба купіць, што без гэтага ты проста не абыдзешся. І часта мы набываем, не задумваючыся, ці нейкая рэч нам служыць, насамрэч, ці наадварот – забівае.

Шчыра кажучы, ніколі не думаў, што гэтая тэма так мяне зацікавіць. Я часам чуў яе праз дакументы Касцёла, але яны здаваліся мне настолькі нудотныя, што я не звяртаў на гэтую тэму ўвагі. Ведаю, што гэтай тэмай асаблівым чынам займалася такая філасофская навука як антрапалогія, але яна таксама мяне не вабіла. Сёння ж я пачаў бачыць, наколькі гэтая тэма важная.

Сучасны чалавек вельмі стамляецца. Гаворка цяпер не пра ляноту, але пра аб’ектыўную стому, сапраўдную. У выніку гэтай стомы нам нічога не хочацца рабіць. Нам цяжка маліцца, мы не хочам чытаць Біблію, нам не хочацца размаўляць з іншым чалавекам, ахвяраваць яму свой час, паслужыць, заняцца мужам, дзецьмі і г.д. Мы проста стомленыя. Вось толькі ад чаго? Агромністы працэнт гэтай стомы вынікае з нашай няздольнасці правільна адказаць на прапановы сучаснай цывілізацыі.

Некалькі прыкладаў…

Сотавы тэлефон

Аднойчы, шмат гадоў таму я ехаў да хворых і пачаў адчуваць у сабе нейкі дзіўны гнеў, раздражненне і стому, хаця быў пачатак дня і я яшчэ нічога такога і не зрабіў. Аказалася, што пакуль я ехаў па горадзе на машыне, мне патэлефанавалі некалькі чалавек і мая галава была завалена рознымі праблемамі. Я не думаў пра хворых, а вырашаў праблемы амаль усяго свету. Якое тут можа быць служэнне? А ў дадатак калі ты яшчэ расчараваны і змучаны…  Можна ж было вырашыць гэтую праблему інакш – не браць з сабой тэлефон, выключыць яго, не перазвоньваць і г.д. Гэтая гісторыя паказала мне праблему, якая мяне стамляе – тэлефон! Ён патрэбны, але трэба разабрацца, дзе ён нам служыць, а дзе перашкаджае.

Тады я зразумеў, што нават крыху шкадую, што не нарадзіўся сто гадоў таму, калі святар запрагаў свайго каня, вырушаў у дарогу і аддаваў хворым цэлы дзень. Ён быў заняты адной толькі справай. Ніхто яму не тэлефанаваў, ён не павінен быў усюды паспець, бо не было машыны. Вось гэта камфорт служэння!

8Калі глядзіш часам на старэйшых жанчын, якім страшна выключыць тэлефон у касцёле, бо а раптам хто ў гэты час патэлефануе, або калі яны няўмела ціскаюць пальцам, то проста разумееш, што яны не спраўляюцца з прапановамі нашай цывілізацыі. Дый няпроста ж разабрацца ў гэтым тэлефоне! А пасля рамантаваць яго, прадаваць, скачваць, абнаўляць, гадзінамі сядзець у ім, адказваць на кожную пікалку “вайбера”, глядзець кожную смс-рэкламу, кожныя віншаванні і бесталковыя “прыколы” ці нават пабожныя паштоўкі, якія высылаюць тонамі тыя, хто толькі нядаўна купіў тэлефон і практыкуецца карыстацца ім… Адчуваю, што калі пішу гэтыя радкі, то аддаю частку сваіх нерваў і свайго жыцця! А гэта ж усяго толькі тэлефон! І ён нас не стамляе, не забірае наш час?!.

Кампутар

А колькі праграм, каторыя трэба абнаўляць, вучыцца наноў карыстацца імі!.. А калі не абновіш, то не будуць працаваць іншыя праграмы. І гэта для таго, каб прасцей было жыць і працаваць? Не, для таго, каб купілі.

Інтэрнэт

Пра яго ўвогуле прасцей было б маўчаць. Гэтая сусветная сметніца, дзе можна знайсці вельмі карысныя рэчы, але колькі ж трэба ўгробіць на гэта часу, спрабуючы разабрацца, дзе там праўда і дзе мне што сапраўды спатрэбіцца. “Ютуб” дае шмат адказаў, але большасць з іх неправераныя. У выніку гэтых пошукаў і расчаравання стамляешся не на жарт. А колькі часу проста забітага ў пустую перад кампутарам!

І ўвогуле… Значэнне інфармацыі стала зусім іншай. Тыя кнігі, якія раней пісалі пісьменнікі, спецыялісты і адукаваныя аўтарытэтныя людзі, сёння стаяць у камісійных аддзелах, а на паліцах кнігарняў і ў нэце каляровыя якасна выдадзеныя кнігі невядомых таямнічых аўтараў, якія выдаюць сябе за спецыялістаў. Таямнічыя ананімныя спецыялісты, сведкі, здымкі, навіны і г.д. І ўсё гэтае смецце забірае нашыя грошы, наш час, каб пасля не даць ніякіх вынікаў.

Матэрыяльны дабрабыт

Яшчэ 20-30 гадоў таму мы не перажывалі, як прадаць машыну і купіць новую, з якой камплектацыяй, дзе знайсці грошы на падгузнікі, якую цацку купіць малому, каб яго парадаваць, бо ён ужо ўсё мае і цяжка яго нечым яшчэ здзівіць. Фінансавы прагрэс і рост дабрабыту прынёс нам вельмі шмат дадатковага клопату і перажыванняў. Уявіце сабе, як проста жылося ў часы Хрыста, калі Езус казаў вучням не браць двух вопратак. Уявіце, колькі праблем магло б вырашыцца, каб у нас была толькі адна вопратка ці сукенка. Калі мы сёння думаем пра тое, што прыдумаць паесці, якое скласці лепшае меню, узгадайце савецкія прадуктовыя крамы, або падумайце, што ў часы Хрыста елі хлеб, запівалі вадой, віном, часам малаком і зрэдку было мяса ці нейкая гародніна, альбо садавіна. Каму было прасцей? Хто больш стамляўся?

Гэтыя тэмы і прыклады можна працягваць бясконца. Гэта сапраўды вялікая і вельмі важная тэма са сваімі нюансамі. Канечне, не трэба быць наіўным ідэалістам, але хачу паказаць, што мы шмат стамляемся з прычыны таго, што не здольныя і не ўмеем правільна карыстацца прапановамі сучаснай цывілізацыі, якая нам усё хоча прадаць, даказваючы, што нам ну ніяк без таго ці іншага нельга абысціся.

9

Барацьба са стомай ад цывілізацыі

Хрысціяне кожны па-свойму спрабуе супрацьстаяць “стоме ад цывілізацыі”. Тут няма ідэальных методык. Кожны шукае выхад па-свойму. Напрыклад, у ЗША з’яўляліся вёскі веруючых, дзе людзі жылі нібы ў 19 ст., адмаўляючыся ад сучасных тэхналогій. Не так даўно нешта падобнае спрабавала зрабіць адна сям’я баптыстаў з Беларусі, калі выехала жыць у Сібір. Такія спробы маюць свае мінусы. Некаторыя проста не могуць вытрываць у такім стылі жыцця. Паўстаюць таксама пытанні пра сацыяльныя паслугі – медыцына, паліцыя, пенсія і г.д.

Часам чуў гісторыі, як нехта разбіваў свае мабільныя тэлефоны, адмаўляўся ад інтэрнэту, выкідваў тэлевізар, іншы ж прынцыпова ездзіць на мапедзе (веласіпедзе), а не на машыне. Некаторыя бацькі катэгарычна спрабавалі сваім дзецям забараняць карыстацца інтэрнэтам. Такія спробы далёка не ідэальныя, бо дзеці ўсё роўна ідуць у школу і ім даводзіцца тады супраціўляцца сваім аднагодкам, што нараджае дадатковыя крыўды і канфлікты.

Мая асабістая барацьба са “стомай ад цывілізацыі” між іншым, у тым, што я прынцыпова не падключаю інтэрнэт да тэлефона, а карыстаюся толькі “wi-fi”. Такім чынам, я кантралюю інтэрнэт, а не ён мяне, не адгукаюся на кожную “пікалку” “вайбера” ці сацыяльных сетак. Таксама прынцыпова стараюся не мяняць часта машыну на іншую мадэль, прынцыпова не абнаўляю многія праграмы дзеля таго, каб не вучыцца карыстацца імі, каб не забіваць свой час на іх асваенне. Часам не падымаю тэлефон, калі лічу, што маю больш важныя справы (нават адпачынак), не падымаю яго позна, часам не перазваньваю, стараюся абавязкова фізічная працаваць, займацца тым, альбо іншым відам спорту, стараюся рана ўставаць і не позна класціся і г.д.

Насамрэч, такіх прыкладаў можна множыць і множыць. Вельмі важна, каб мы ўбачылі, што наша “стома ад цывілізацыі” прычыняецца да таго, што мы няздольныя падтрымоўваць у сабе агонь Духа Святога, а таму кожны веруючы павінен быць зацікаўлены, каб асабіста спрабаваць супрацьстаяць гэтай “стоме”. І нават тыя спробы, якія мы называем наіўнымі ці нейкай хворай ідэалогіяй (“вёскі 19 ст.”) маюць свой сэнс, бо гэта спробы супрацьстаяць праблеме. Тут важна, каб мы шукалі выйсця і каб кожны з нас асабіста спрабаваў знайсці гэтае выйсце.

заданне падумаць

 

Назаві сваю “стому ад цывілізацыі”. Што з ёй можаш зрабіць?

 

 

Што мы не так робім?

Чарговая прычына, чаму наш агонь гасне, ляжыць у адказе на пытанне: што мы не так робім? Перш за ўсё тут хачу звярнуць увагу на нашыя некаторыя пабожныя практыкі, якія перасталі дзейнічаць або прыносіць вынік. Гаворка пра тое, што часам трэба перагледзець свае малітвы, нешта змяніць у іх. Можа змяніць форму малітвы. Напрыклад, калі ты маліўся ружанец на каленях, то можа варта паспрабаваць хадзіць з ім па пакоі ад сцяны да сцяны (асабіста мне так зручней). Тое самае тычыцца методыкі чытання Бібліі. Калі не бачыш выніку, то можа варта змяніць нейкую форму, пашукаць каментары, старацца разважаць больш дакладна, чытаць малымі фрагментамі і г.д. Калі табе не адпавядаюць сустрэчы моладзі ў парафіі або сустрэча малітоўнай групкі, то можа таксама варта задаць пытанне, ці не трэба ў форме гэтых сустрэчаў штосьці змяніць.

Вельмі часта мы цягнем на сабе стары груз, які даўно трэба было паспрабаваць аднавіць.

 

Як распаліць?

Вяртаючыся да галоўнага пытання нашай тэмы, вельмі хочацца звярнуць увагу на тое, што ніхто за нас нічога вырашаць не будзе. Бог дае ласку, дае магчымасці, але калі ты будзеш толькі наракаць і шкадаваць сябе, то ніхто замест цябе не скарыстаецца з гэтай ласкі Бога, з гэтай працягнутай да цябе рукі. Часта мы наіўна чакаем, што нехта за нас усё вырашыць і не разумеем, што калі не хочацца, то трэба захацець, калі лянота, то трэба падымаць сябе, прымушаць.

Калі я рыхтаваў гэтую тэму, Госпад паказаў адну вельмі важную прычыну, чаму ў нас не атрымліваецца распаліць нашае сэрца і падтрымліваць гэты агонь. Мы часта не ведаем, навошта гэта нам трэба. Мы не вызначыліся з мэтамі. Чалавек з Евангелля, які знайшоў скарб у полі, прадаў усё, што меў, каб купіць тое поле, бо ведаў, што гэта варта таго. Але багаты хлопец не пакінуў усяго свайго багацця, бо не ведаў, ці гэтая “дасканаласць” для яго ажно настолькі важная. Ён не вызначыўся з мэтай. Чалавек, які вызначаецца з мэтай, ведае, да чаго ён імкнецца, знаходзіць у сабе самім патэнцыял і сілы для пераадольвання ўсіх цяжкасцяў.

заданне падумаць

 

Навошта табе распальваць тваё сэрца?

 

Аляксандр Жарнасек,

марыянін

10