Любоў - сэрца евангелізацыі (Вінаграднік, 02.06.12)
Асабіста для мяне гэта вельмі цяжкая тэма. Чыста па-чалавечы, я супраціўляўся ёй як мог. Супраціўляўся дванаццаць гадоў таму і супраціўляўся, калі прыходзілі думкі, каб узяць яе для «Вінаградніка». Прымусіла ж мяне звярнуцца да яе тое, калі я ўбачыў, як шмат гэтая тэма гучыць у прароцтвах, якія мы атрымалі на апошніх сустрэчах. З іншага боку, таксама прымушае і горкі вопыт, які паказвае, што можна прачытаць шмат цікавай рэлігійнай літаратуры, удзельнічаць у многіх рэлігійных акцыях, бачыць велізарныя цуды і сенсацыі, але калі не будзе досведу Божай Любові, то далёка не пойдзеш. Тое самае тычыцца і евангелізацыі іншых людзей. Можна ўжыць залатыя аргументы, завабіць рознымі «прысмакамі», напужаць пеклам і бедамі ў жыцці, але калі чалавек не адкрыецца і не прыме дар Божай Любві – неякіх сур’ёзных зменаў у ягоных адносінах з Богам не адбудзецца. Трэці аргумент, які мяне пераканаў у неабходнасці гэтай тэмы, – гэта на дзіва частая прысутнасць яе ў літургічных чытаннях апошняга часу.