Калі я хадзіў у школу, то мне нашмат лягчэй было прынесці ў дзённіку непамысную адзнаку ў канцы чвэрці, атрымаць пасля гэтага дома па адным месцы і надалей працягваць сабе жыць, чымсьці чакаць канца чвэрці з назбіранымі кепскімі адзнакамі і думаць-маракаваць, чым жа гэта ўсё скончыцца. Гэтак жа пазней было і з экзаменамі. Нейкі час мне здавалася, што больш нават хочацца, каб цябе выгналі з вучобы, каб неяк там развязаліся рукі да далейшага жыцця, чым у хваляванні трываць падчас сесіі. Тое ж тычыцца і хваробы. Як гэта ні дзіўна, але ў крэсле стаматолага нашмат спакайней, чым было зусім нядаўна ў прыёмным пакоі, альбо (яшчэ горш) за тыдзень да візіту. І так з усім. Бачны наш вораг больш мілы нам, чым той, якога не бачыш, але дакладна ведаеш, што ён дзесьці ёсць паблізу...
Пры чытанні сённяшняга фрагмента з Другазаконня, адразу чамусьці перад вачыма паўсталі кадры з фільма «Матрыца», дзе галоўнаму герою падаюць дзве таблеткі і прапаноўваюць: калі возьмеш адну, то ў тваім жыцці нічога не зменіцца, ты прачнешся і не ўспомніш сустрэчы і нашай размовы, будзеш і надалей жыць сваім старым шэрым жыццём; калі возьмеш другую таблетку – тваё жыццё зменіцца, і ты гэтага ніколі не забудзеш, гэта не будзе сон, але выбар трэба рабіць цяпер. У адрозненні ад «Матрыцы», Божая рэчаіснасць нашмат больш суровая, у ёй няма такога варыянту: прачнешся і нічога не ўзгадаеш, усё будзе, як і раней. Бог прапаноўвае нам альбо шчасце альбо смерць: Вот, я предлагаю вам сегодня благословение и проклятие. Тут няма сну, няма трэццяга шляху. Ёсць толькі дзве дарогі: альбо жыві вечна, альбо памры. Размова ідзе не пра тое, быць мне шчаслівым з Богам ці без Яго, у Гішпаніі, ці ў ЗША, з мільёнам даляраў ці толькі з парай дзесяткаў тысячаў. Ідзе размова пра тое, ці быць мне шчаслівым увогуле!!! Сённяшнім тэкстам Бог задае кожнаму з нас пытанне: ці хочаш ты быць шчаслівым, ці хочаш ты жыць? Які ж у нас выбар? Калі ў нас менавіта так пытаюцца, то ёсць толькі два адказы: ТАК альбо НЕ. А гэта азначае, што выбар нібыта і ёсць, але адначасна яго і няма...