Езус мог бы ўсё растлумачыць, разжаваць і Яну, і вучням, сказаць: «Так, Я Месія, пра Мяне піша Ісая, і яшчэ той, і іншы — словам, не сумнявайся» і г.д. Аднак Ён так не сказаў. Дакладней, Ён кажа, але не да канца, усё больш намёкамі, якія часта не дадаюць нам жаданай чалавечай упэўненасці. А так бы хацелася яе мець! Гэта Яго педагогіка. Але чаму менавіта такая? Бог хоча, каб наша вернасць Яму была нашым жаданнем, рызыкай, памкненнем, а не рабствам. Вера – гэта рызыкоўны выбар! Гэта, калі хочацце, гвалт над сабой і над Небам, але менавіта такія, як казаў Езус, здабываюць Валадарства Нябеснае. У той час, калі мне хочацца пачуць правільны адказ, каб за мяне штосьці рашылі альбо да чагосьці падштурхнулі, падагналі, Бог хоча, каб я сам прымаў рашэнні ў веры.